ХТО МАЕ НАЙБОЛЬШЫЯ ШАНЦЫ СТАЦЬ НАСТУПНЫМ ПРЭЗЫДЭНТАМ БЕЛАРУСІ?

Ганна Соусь, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, хто мае найбольшыя шанцы стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі і чаму?”

(Спадар: ) “Ня ведаю, таму што ў нашай краіне Аляксандар Лукашэнка — гэта пажыцьцёва. Ён у нас будзе манархам, напэўна. Ён не аддасьць нікому ўлады”.

(Спадар: ) “Акрамя яго? Наколькі я ведаю, Лукашэнка ня можа стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі, таму што ў яго заканчваецца другі тэрмін. Для таго, каб яму стаць прэзыдэнтам, яму трэба зьмяніць Канстытуцыю. Акрамя яго?.. Магчыма, гэта будзе нехта зь яго найбліжэйшага асяродзьдзя, таму што наўрад ці ён дазволіць каму-небудзь з супрацьлеглымі поглядамі стаць прэзыдэнтам Беларусі. На маё меркаваньне, гэта будзе добра, таму што калі да ўлады прыйдзе хто-небудзь з апазыцыі, то ў краіне пачнецца такая перабудова, што мы ўсе ня ўзрадуемся”.

(Спадарыня: ) “Няма, таму што палітыкі слабыя ў нас”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што ў нашай кріане пакуль няма такога кандыдата, які мог бы замяніць яго, і няма такіх кандыдатаў (прынамсі я ня ведаю), якія вельмі бы хацелі гэтага. Мы іх ня бачым. Мы бачым толькі нашага прэзыдэнта, яго дзейнасьць”.

(Спадар: ) “Ніхто ня можа, таму што ня бачна і ня чутна нікога. Па расейскіх тэлеканалах усе палітыкі навідавоку, а ў Беларусі нікога ня бачна”.

(Спадар: ) “Такая сытуацыя склалася ў краіне, што Аляксандар Лукашэнка сваіх кандыдатаў зьнішчае проста”.

(Спадарыня: ) “Я пра гэта яшчэ не падумала”.

(Спадарыня: ) “Я ня ведаю, каго можна назваць. Нешто яны зусім зьніклі, нідзе не відаць і не чуваць. Можа, Міхаіл Марыніч… А хто яшчэ зь іх застаўся? Мабыць, ня маюць доступу да тэлебачаньня, да газэтаў”.

(Спадарыня: ) “Акрамя Аляксандра Лукашэнкі… Ён ужо паказаў сябе, і хто бы там ні быў, менавіта Аляксандар Рыгоравіч будзе прэзыдэнтам”.

(Спадар: ) “Уласна, мы нікога ня бачым апроч яго. Мы нікога ня ведаем”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ніхто. Толькі ён. У яго манаполія на гэтую пасаду. Ён будзе назаўсёды, я думаю. Мы ад яго ніяк не пазбавімся”.

(Карэспандэнтка: ) “І вы ня можаце назваць ніводнага чалавека, які мог бы канкураваць зь ім?”

(Спадарыня: ) “Я такіх ня ведаю”.

(Спадар: ) “Проста іншыя кандыдаты ня будуць мець шанцаў”.

(Спадарыня: ) “Лепей не гаварыць пра гэта”.

(Спадар: ) “Я лічу, што віцэ-прэм’ер Дражын — найбольш пэрспэктыўны дзеяч, які здольны зьмяніць палітыку Беларусі й унесьці найбольш істотныя карэктывы ў яе”.

(Спадарныня: ) “Мне галава пра другое баліць — як пражыць? Нічога не мяняецца, хто бы ні быў, пакуль мы самі ня зьменімся”.

(Спадарныня: ) “Мне падаецца, што ніхто ня мае шанцаў акрамя яго. Ужо ж былі выбары, усе галасавалі, але ўсё роўна стаў Лукашэнка”.

(Спадар: ) “На мой погляд, ніхто не заслугоўвае стаць прэзыдэнтам нашай Беларусі”.