Амбасадара Ўладзімера Грыгор’ева выклікалі ў МЗС Расеі ў выходныя і ўручылі яму прадстаўленьне “ў сувязі з выказваньнямі недружалюбнага характару ў адносінах да расейскага боку, што прагучалі на прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнта Беларусі А.Лукашэнкі 24 кастрычніка”.
Пра нейкія канкрэтныя выказваньні ў гэтым дакумэнце не паведамлялася. У МЗС Расеі таксама адмаўляюцца расшыфроўваць сутнасьць прэтэнзіяў да заяваў А.Лукашэнкі. Гаворыць супрацоўнік аддзелу апэратыўнай інфармацыі МЗС Расеі:
(Супрацоўнік МЗС Расеі:) “Да таго, што сказана ў афіцыйным паведамленьні, нічога ня можам дадаць”.
Амбасадар Грыгор’еў адразу ж паведаміў пра нэгатыўную рэакцыю Крамля ў Менск. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:
(Савіных: ) “Зьмест ноты, якая была ўручаная амбасадару Грыгор’еву, ніякім чынам не выцякае з характару і скіраванасьці прэсавай канфэрэнцыі, падчас якой прэзыдэнт Беларусі ў адкрытай манеры інфармаваў грамадзкасьць пра хаду беларуска-расейскай інтэграцыі дзеля таго, каб выключыць спэкуляцыі, што маюць месца”.
Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў, што беларускі бок пакуль не выклікаў у адказ расейскага амбасадара Аляксандра Блахіна:
(Савіных: ) “Трэба будзе — выклічам, пакуль яшчэ такога рашэньня не прымалася”.
Ня менш нэгатыўная рэакцыя на выказваньні А.Лукашэнкі і ў расейскім “Газпроме”, які А.Лукашэнка назваў “другім МЗС Расеі”. Прэсавы сакратар старшыні “Газпрому” Сяргей Купрыянаў у сувязі з заявай А.Лукашэнкі пра жаданьне Беларусі атрымаць у абмен на кантрольны пакет акцыяў “Белтрансгазу” права на здабычу 10 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу заявіў Свабодзе:
(Купрыянаў: ) “Асабіста я ня ўбачыў нейкіх новых прапановаў ці нейкіх сыгналаў аб тым, што ёсьць гатоўнасьць сапраўды ісьці на кампраміс. Сустрэчную прапанову пусьціць Беларусь у здабычу кампрамісам назваць цяжка. Пакуль пытаньне пра здабычу газу на тэрыторыі Расеі беларускімі кампаніямі не абмяркоўваліся”.
Прэсавы сакратар Аляксея Мілера кажа, што “Газпром” настойвае на кантрольным пакеце акцыяў “Белтрансгазу”. У іншым выпадку ў “Газпрому” ёсьць іншыя, больш прыцягальльныя для ўкладаньня грошай праекты.
Расейскія СМІ выказваюць упэўненасьць, што нэрвовую рэакцыю Крамля выклікала згадка А.Лукашэнкам імёнаў кіраўніка пуцінскай адміністрацыі Аляксандра Валошына і ягонага намесьніка Сяргея Прыходзькі з абвінавачаньнем іх у стварэньні перашкодаў для двухбаковай інтэграцыі. Пры гэтым спадар Валошын быў названы “рэжысэрам” гэтых акцыяў.
Абвінавачаньні А.Лукашэнкі на адрас Валошына грунтуюцца на разьліках, што той не застанецца на ўладным Алімпе пасьля будучых прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі, але такія разьлікі заўчасныя, — мяркуе апазыцыйны беларускі палітык Яраслаў Раманчук.
(Раманчук: ) “Паводзіны “Газпрому” і вось заява МЗС Расеі — гэта першыя такія ластаўкі таго, што катэгарычна нармалізацыя стасункаў паміж Беларусьсю Лукашэнкі і Расеяй, якой кіруе Пуцін, немагчымая”.
Яраслаў Раманчук лічыць, што цяпер Расея будзе ставіцца да А.Лукашэнкі больш жорстка.