“Вольная студыя”. 26 кастрычніка
“Беларусы ўсіх краёў, яднайцеся!” — гэта ня толькі парафраз вядомага пралетарскага лёзунгу, але й жыцьцёва неабходнае правіла, якім павінны кіравацца нашы суайчыньнікі, каб захаваць сябе ў сьвеце. Ці можна спадзявацца на падтрымку беларускай дзяржавы, якая ня хоча прымаць Закону аб беларусах за мяжой? Прынятая дзесяць гадоў таму дзяржаўная праграма “Беларусы ў сьвеце” таксама ня выкананая, затое ўлады афіцыйна абвесьцілі пра скліканьне ў 2005 годзе, акурат перад прэзыдэнцкімі выбарамі, Кангрэсу беларусаў сьвету. Пра ўсё гэта — у нядзельнай перадачы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”, дзе госьцяй Міхася Скоблы будзе старшыня МГА “Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.
“Паштовая скрынка 111”. 26 кастрычніка
У нядзельнай праграме “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава), Мікалай Лясовіч і Разалія Рубінчык зь Менску. У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– распавядаюць пра тое, як жывецца людзям у краінах Балтыі, як ставяцца жыхары балтыйскіх краінаў да падзеяў у Беларусі;
– выказваюць меркаваньні пра міжнацыянальныя стасункі ў Беларусі;
– разважаюць пра палітычную будучыню лідэраў беларускай апазыцыі;
– дзеляцца заўвагамі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.
“Беларускі інтэрнэт”. 26 кастрычніка
У чым адметнасьць он-ляйнавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў параўнаньні з падобнымі акцыямі ў беларускім сеціве, як арганізатары ды ўдзельнікі іншых канфэрэнцыяў ставяцца да сэлекцыі пытаньняў і арганізацыі канфэрэнцыі?
Стваральнікі сайту Беларускага гуманітарнага ліцэю маюць пляны стварыць паўнацэнны беларускамоўны партал і стварыць інтэрнэт-сетку беларускамоўных навучальных установаў.
Таксама ў перадачы “Беларускі інтэрнэт” – апошнія навіны сусьветнага і беларускага сеціва.