ДЭПУТАТЫ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ СПРАБУЮЦЬ ВЫСЬВЕТЛІЦЬ, ЧАМУ ЗА ІМІ СОЧАЦЬ СПЭЦСЛУЖБЫ

Уладзімер Глод, Менск

Генэрал Валеры Фралоў нагадаў пра дагляд, які ўчынілі яму і Ўладзімеру Парфяновічу беларускія мытнікі, калі яны вярталіся зь Літвы. Дэпутат Фралоў палічыў такі вобшук знакам вялікай непавагі да парлямэнтароў. Ён зачытаў калегам адказы на ягоны запыт міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, старшыні КГБ Леаніда Ерына і генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Усе тры асобы пісьмова пацьвердзілі, што яны ня маюць ніякага дачыненьня ні да гэтай акцыі, ні да сачэньня за дэпутатам Фраловым. Аднак, паводле дэпутата, існуюць факты, якія даюць яму права сьцьвярджаць, што за ім вядзецца назіраньне.

Спадара Фралова падтрымаў яго калега Ўладзімер Парфяновіч. У кастрычніку ён, а таксама дэпутаты Фралоў і Скрабец былі ў Маскве, дзе за імі ўвесь час назіралі нейкія людзі:

(Парфяновіч: ) “Мы былі ў Маскве. На працягу двух дзён за намі крочылі таварышы. Чые яны таварышы? Калі мы спыталіся ў расейскіх таварышаў з ФСБ і ГРУ, ці гэта вашыя таварышы, яны адказалі: не, гэта вашы таварышы. Усё зразумела”.

Пра дзеяньні спэцслужбаў адносна іх казалі таксама дэпутаты Скрабец І Пашкевіч. Гэта выклікала нэрвовую рэакцыю віцэ-сьпікера Палаты Ўладзімера Канаплёва, які вёў сёньняшняе паседжаньне:

(Канаплёў: ) “А ўвогуле, Парфяновіч і Скрабец, хачу сказаць, што вы за гэтыя гады вельмі зьмяніліся. Я вас ведаў іншымі. Менавіта калі вы былі кандыдатамі ў дэпутаты. Гэта цудоўна, што вы расьлі і вырасьлі. Аднак тады ў вас адносна ўлады былі зусім іншыя погляды. Таму ўлада, якая вас тады падтрымлівала, прынамсі, не перашкаджала, калі вы балятаваліся, таксама зьмяніла сваё стаўленьне да вас. А як жа вы думалі?”

Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка”, да якой таксама належаць Фралоў, Парфяновіч і Пашкевіч, быў задаволены вынікамі галасаваньня:

(Скрабец: ) “Гэтыя вынікі сьведчаць пра тое, што дэпутаты будуць змагацца за свае правы і пра тое, што ў Палаце ня ўсё так адназначна, як камусьці падаецца з уладаў. Можна казаць пра тое, што за тры гады дэпутаты прайшлі нейкі шлях, і шмат у каго зь іх расплюшчваюцца вочы”.

Згодна з законам аб статусе дэпутата, Сяргей Сідорскі мусіць адказаць на запыт Палаты на працягу наступнага месяца.