ОН-ЛЯЙН ФОРУМ ЛУКАШЭНКІ ПРА ДАЧЫНЕНЬНІ БЕЛАРУСІ І РАСЕІ ФАКТЫЧНА САРВАЎСЯ

Валер Каліноўскі, Менск

Магчымыя прычыны — дрэнны тэхнічны ўзровень сайту прэзыдэнта альбо атака гакераў. Што да самой канфэрэнцыі, то Лукашэнка падчас яе даў зразумець Крамлю, што ня пойдзе на ўвядзеньне расейскага рубля ў Беларусі, пакуль ня прымуць Канстытуцыйнага акту.

Доступу да сайту А.Лукашэнкі большую частку прэсавай канфэрэнцыі ня мелі і наведнікі з хатніх кампутараў, і арганізацыі-ўладальнікі так званых вылучаных лініяў, і замежнікі. У прыватнасьці, журналісты зь нямецкай радыёстанцыі “Дойчэ Вэле” казалі, што пачуць А.Лукашэнку праз інтэрнэт ім не ўдалося.

Міністэрства сувязі Беларусі й дзяржаўная правайдэрская кампанія “Белпак” ня здолелі забясьпечыць надзейнай працы сайту кіраўніка беларускай дзяржавы, і паўтарыць досьвед он-лайн канфэрэнцыі Ўладзімера Пуціна не ўдалося.

У службе сэрвіснага абслугоўваньня “Белпаку” паведамілі, што праблемы ўзьніклі менавіта на сэрвэры сайта А.Лукашэнкі, які відавочна мае занадта малую магутнасьць. Не выключаюць і магчымай гакерскай атакі на гэты сайт. Толькі празь дзьве з паловай гадзіны ад пачатку прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі яе трансьляцыя ў Інтэрнеце нарэшце зьявілася, але вельмі няякасная.



(Лукашэнка: ) “А з прыняцьцем закону аб грамадзянстве ў Расейскай Фэдэрацыі мы ўвогуле іншаземцы ў Расеі”.

Што да зьмястоўнай часткі прэсавай канфэрэнцыі А.Лукашэнкі, то яна была прысьвечаная ў асноўным дачыненьням з Расеяй. Апошняе паседжаньне так званай Вышэйшай дзяржаўнай рады саюзу ў Маскве ня мела рэальных вынікаў, і Аляксандар Лукашэнка канстатаваў, што Масква і Менск “вырашылі спыніцца і падумаць, што рабіць далей, паколькі ніякіх прагрэсіўных рашэньняў ня ўхвалена”.

Пры гэтым ён абверг выказваньне аднаго з крамлёўскіх супрацоўнікаў, апублікаванае расейскімі СМІ, які ацаніў сытуацыю ў саюзе Беларусі й Расеі як “патавую”. Больш за тое, А.Лукашэнка выкрыў гэтыя ананімныя крыніцы, назваўшы прозьвішчы кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Валошына і ягонага намесьніка Прыходзькі. “Расейскае кіраўніцтва ня хоча падзяліцца паўнамоцтвамі альбо баіцца”, — сказаў А.Лукашэнка пра прычыны прамаруджаньня з прыняцьцём Кастытуцыйнага акту.

Паводле А.Лукашэнкі, Беларусь пачала перамовы з Расеяй пра аплату транзыту нафты па рынкавых коштах, бо Беларусь купляе нафту па міжнародных коштах, а бярэ за транзыт удвая менш, чым Літва.

Увогуле ж Расея павінна Беларусі за транзыт каля мільярду даляраў, яшчэ 800 мільёнаў — за страты ад увядзеньня Расеяй у гандлі зь Беларусьсю прынцыпу спагнаньня падатку на даданую вартасьць не па краіне прызначэньня. Акрамя таго Расея зэканоміла на тым, што не абсталёўвала сваёй заходняй мяжы, 21 мільярд даляраў, — заявіў А.Лукашэнка. Такім чынам, пазыцыя Беларусі ў інтэграцыйных працэсах нязьменная, — гаворыць Аляксандар Лукашэнка:

(Лукашэнка: ) “Мы за раўнапраўны саюз, кожны ўдзельнік якога зьяўляецца дзяржавай. Беларусь была, ёсьць і застанецца такой дзяржавай. Іншага ня будзе, таму што так проста быць гэтага ня можа. Гэта зусім ня можа быць, таму і ня будзе”.

Паводле А.Лукашэнкі, расейскае кіраўніцтва не жадае размаўляць пра Канстытуцыйны акт, але актыўна дамагаецца прыняцьця валютнага пагадненьня. Сваю валюту А.Лукашэнка назваў найважнейшым элемэнтам дзяржаўнасьці й незалежнасьці Беларусі:

(Лукашэнка: ) “Таму ўводзячы валюту іншай краіны, чужую валюту, Беларусь павінна мець гарантыі. Як эканамічныя, гэтак і палітычныя”.

Наконт прыватызацыі “Белтраснгазу” “Газпромам” Аляксандар Лукашэнка сказаў, што можа пайсьці на нейкія саступкі, але прадаваць яго затанна ня мае права, бо пазьней яго могуць за гэта пасадзіць у турму.