КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Сёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Міжнародны дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Гістарычныя даты:

24 кастрычніка 1654 году адбылася бітва пад Шапялевічамі – вызначальная ў часе нашэсьця маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь. Як адзначае гісторык Генадзь Сагановіч, пасьля паразы пад Шапялевічамі армія Вялікага Княства Літоўскага спыніла сваё існаваньне.

24 кастрычніка 1780 году Марцін Пачобут-Адляніцкі стаў рэктарам Віленскае Акадэміі, адначасова Акадэмія была рэарганізаваная ў Галоўную Школу тагачаснае Беларусі.

24 кастрычніка спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэньня беларускага мовазнаўцы прафэсара Адама Супруна, які ў сваіх працах дасьледаваў дачыненьні беларускай мовы зь іншымі.

Цяпер – пра некаторыя каляндарныя адметнасьці заўтрашняе суботы.

25 кастрычніка ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Марцін. “Марцін сьвяты – губіцель гагаты”, – казалі нашыя продкі. Этнограф Уладзімер Васілевіч тлумачыць, што пад “гагатой” трэба разумець патлусьцелых за лета гусей, якіх у гэты дзень смажылі або везьлі на продаж.

25 кастрычніка ў розныя гады прыйшлі на сьвет два сусьветна вядомыя кампазытары – аўстрыец Ёган Штраўс, стваральнік клясычнага венскага вальсу, і француз Жорж Бізэ, аўтар славутай ва ўсе часы опэры “Кармэн”.

25 кастрычніка ў 1868 годзе, 135 гадоў таму, нарадзіўся Карл Грыгаровіч, беларускі скрыпач і пэдагог. Ён жыў у Віцебску, дзе стаў прафэсарам народнае кансэрваторыі, часта выступаў у суправаджэньні віцебскага сымфанічнага аркестру. Карл Грыгаровіч быў знакамітым у свой час скрыпачом-віртуозам.

25 кастрычніка 1884 году нарадзіўся Сяргей Дубінскі, беларускі археоляг і гісторык. Ягонае імя сёньня ёсьць на памятным крыжы ў Курапатах, пастаўленым у гонар расстраляных тут у 1937-м годзе археолягаў.

А яшчэ заўтра споўніцца 70 гадоў з дня нараджэньня беларускай мастачкі Нінэлі Шчаснай.