ІГАР ДАБРАЛЮБАЎ – МАСТАК ІНТЭЛІГЕНТНАГА ТВОРЧАГА ПРАЦЭСУ

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Ёсьць мастакі-трыбуны, а ёсьць мастакі ціхага, інтэлігентнга творчага працэсу, якія ў кожным кадры, кожным мантажным стыку нібыта раюцца з уласным сумленьнем. Звычайна іхнае мастацтва і вызначаецца глыбінёй, яно кранае сутнасныя струны душы. Такім я лічу кінарэжысэра і свайго (ганаруся тым, што так магу сказаць) старэйшага сябра Ігара Дабралюбава.

Без крыклівай рэклямы ён мог паставіць і эфэктную, сапраўды народную камэдыю “Белыя росы”, і ціхі, пранізьлівы ў пошуку чалавечнасьці і беларускай мэтафарычнасьці фільм “Восеньскія сны”, і пазначаную трагічным успрыняцьцем сьвету драму “Мама, я жывы”.

Беларускія кінематаграфісты ці ня першымі адчулі ў паветры такі жаданы для творцаў пах перабудовы. І вырашылі ўвасобіць яе ў рэальнасьць, падзяліўшы “Беларусьфільм” на творчыя аб’яднаньні. Вакол дабралюбавага “Дыялёгу” згрупаваліся тыя рэжысэры, хто падзяляў прыярытэты мастацкага кіраўніка: беларуская драматургія і беларускія акторы: два Карпавы (старэйшы і малодшы), Марк Браўдэ, Юры Марухін. І пачалі працу з аднаўленьня забароненага за саветамі фільма Бычкова “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Для мяне як сябра мастацкай рады студыі “Дыялёг” гэта быў вялікі ўрок, і чалавечы і творчы: вяртаць купюры. Да Ігара Міхайлавіча, прыйшлі драматургі Аляксей Дудадраў, Іван Чыгрынаў, Вольга Іпатава, Лідзія Вакулоўская, Уладзімер Бутрамееў.

Па-новаму раскрываліся кінаталенты бліскучых беларускіх актораў: Стэфаніі Станюты, Галіны Макаравай, Валянціна Белахвосьціка, Генадзя Гарбука, Эдуарда Гарачага.

Нават у стужках пра вайну шукалі новае, як бы даказвалі несправядлівасьць мянушкі “партызанфільму”, якім савецкі час наканаваў стаць “Беларусьфільму”. У адным зь першых нацыянальных сэрыялаў “Плач перапёлкі” паводле эпапеі Івана Чыгрынава Ігар Дабралюбаў ўпершыню раскрыў драматызм мараў і дзеяў беларускай інтэлегенцыі ў гады Другой усясьветнай вайны, якая як не прыймала фашыстаў, гэтак разумела і беспэрспэктыўнасьць для Беларусі перамогі Чырвонай арміі. Фільм быў не пра нашую вайну, у якой беларусы параўноўваліся з загнанымі ласямі...

Штосьці на “Дыялёгу” пасьпелі рэалізаваць, але бальшыню – не. Асабліва мне шкада бліскучага сцэнару Ўладзімера Бутрамеева пра Казімера Лышчынскага. У пастаноўцы Карпава-старэйшага ён мог бы стаць першым прыгодніцкім гістарычным сэрыялам Беларусі. Да ўлады прыходзілі іншыя людзі. Ім нацыянальнае і экспэрымэнтальнае было не патрэбнае. Іншыя людзі, неталенавітыя і нахабныя, сталі кіраваць і кінастудыяй. Яна і да сёньня ня стала на ногі.

Сытуацыя ў лукашэнкаўскай Беларусі болей як на дзясятак гадоў выкінулі сапраўдных творцаў па-за творчасьць, калі хочаце вастрэй, – на сьметнік. Ва ўзросьце, калі ствараюць шэдэўры, выкінулі і майстра Ігара Дабралюбава. Ведаю, што цяперашняя ўлада чакала яго на паклон. Яму дазволілі б здымаць, нават, як цяпер кажуць, блёкбастары. Але коштам кампрамісу.

Маральнасьць жа, якая са здымачных пляцовак натуральна ўлівалася ў зьмест і паэтыку ягоных стужак, не дазволіла яму пакланіцца ніжэй каленаў. Гэтую фразу Караткевіча Ігар Міхайлавіч любіць паўтараць да сёньня.

І ён знайшоў сябе ў іншым – сярод моладзі. Ён сабраў нас, маладзейшых мастацтвазнаўцаў, і арганізаваў прадусарскі факультэт у недзяржаўным Інстытуце сучасных ведаў. Я перакананы, што ніхто з нашых выпускнікоў ня кіне камень у бок загадчыка катэдры тэорыі мастацтва прафэсара Ігара Дабралюбава. Ён вучыў і вучыць моладзь свабодзе, маральнасьці ў творчасьці і ў жыцьці. А я мару яшчэ напісаць не адну рэцэнзію не на адзін фільм Ігара Міхайлавіча, якія, як звычайна ў яго, будуць па-беларуску мудрымі.