Роўна празь месяц будуць праведзеныя першыя ў Беларусі давыбары ў мясцовыя саветы. Сёньня ў Белаазёрску, дзе ўвесну перамогу сьвяткавалі дэмакраты, на 12 месцаў прэтэндуюць больш за 30 кандыдатаў у дэпутаты. Раней вэртыкаль сьцьвярджала, што ў бюджэце няма грошай на новую выбарчую кампанію. І раптам сродкі знайшліся. Што стаіць за гэтай нечаканай гісторыяй?
Наш суразмоўца — намесьнік старшыні гарадзкога савету Юрась Губарэвіч. Нават для яго, ня кажучы пра іншых, менш дасьведчаных грамадзянаў, навіна пра давыбары сталася сэнсацыяй:
(Губарэвіч: ) “Афіцыйнае тлумачэньне з боку выканаўчай улады наступнае: абрана 50% плюс адзін дэпутат. І калі нехта складае зь сябе дэпутацкія паўнамоцтвы, то ў такім разе нібыта cавет нелегітымны”.
Аднак з закону вынікае, што наўпроставай сувязі паміж колькасьцю народных абраньнікаў і легітымнасьцю прадстаўнічага органу няма. Сёньня ў Белаазёрску дастаткова прысутнасьці нават паловы абраных дэпутатаў, каб сэсіі лічыліся паўнамоцнымі. Таму афіцыйныя тлумачэньні нечаканых давыбараў мала каму падаюцца слушнымі. У горадзе ёсьць некалькі вэрсіяў гэтай палітычнай акцыі. Вось што кажа, напрыклад, Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “На нашую думку, за гэтым стаіць жаданьне задавіць тую дэмакратычную большасьць, якая была сфармаваная ў Белаазёрскім гарсавеце”.
(Карэспандэнт: ) “Надакучыла слухаць мясцовым уладам, што тут адзіны горад, дзе дэмакраты атрымалі перамогу”.
(Губарэвіч: ) “Я думаю, ціск на іх ішоў з двух бакоў. Па-першае, нашай дзейнасьцю, бо мы мелі й маем рэальную большасьць, што, натуральна, ім не падабаецца. А зь іншага боку, пра сытуацыю ў горадзе стала вядома далёка за ягонымі межамі”.
Сапраўды, шмат хто ў Белаазёрску кажа: пайсьці на давыбары вырашылі ня тут, а ў Менску. І выключна з адной мэтай — зрабіць гарсавет “правільным”, гэта значыць, правесьці ў яго людзей ляяльных да ўлады. Што да прывязкі гэтай падзеі да восені, дык тутэйшыя ўзгадваюць пра маючы адбыцца прыезд кіраўніка дзяржавы ў горад: маўляў, якраз тады высокаму госьцю скажуць, што і тут савецкая ўлада цалкам падтрымлівае ягоную палітыку, ніякіх больш адхіленьняў, усё, як кажуць, пад кантролем! Размаўляем пра гэта са старшынём гарадзкой выбарчай камісіі спадаром Канецкім:
(Карэспандэнт: ) “Недзе праз месяц на станцыю ў сувязі зь ейнай мадэрнізацыяй прыяжджае Аляксандар Лукашэнка. Давыбары з гэтым аніяк не зьвязаныя?”
(Канецкі: ) “Не: проста 22-га будзе пуск новых магутнасьцяў — “ждём-с”. Гэтыя дэпутаты ніколі нічога не вырашалі й вырашаць ня будуць. Ня ведаю, чаму такая шуміха вакол гэтага Белаазёрску, ну ніжэйшага ж узроўню савет! Ёсьць гэтыя дэпутаты, няма — нічога ня зьменіцца!”
Тым ня менш, сябры Юрася Губарэвіча апошнім часам адчулі ўзмацненьне ўвагі да сваёй дзейнасьці з боку ўладаў. Найперш ідзе блякаваньне шматлікіх спробаў дэмакратычных дэпутатаў вырашаць надзённыя гарадзкія клопаты. Напрыклад, рамонт камнікацыяў і вуліц. Літаральна на ўсе прапановы гучыць адзін і той жа адказ: няма грошай. Або такі прыклад: выканаўчая ўлада фактычна забараніла прыезд у Белаазёрск дэлегацыі літоўскага гораду Электрэнай, якая б магла распавесьці пра свой досьвед той жа камунальнай рэформы. Прычына банальная: перамовы вялі Губарэвіч і ягоныя сябры:
(Губарэвіч: ) “Шмат ідэяў, скіраваных на карысьць гораду. Іх можна і трэба выкарыстоўваць. Аднак, на жаль, ёсьць боязь з боку выканаўчай улады зьвязвацца зь незалежнымі дэпутатамі. І любыя іншыя нашыя ідэі, калі яны закранаюць інтарэсы ўлады, успрымаюцца ў штыкі. Аднак нядаўна было атрымана 4 мільёны рублёў з адмысловага дарожнага фонду на рамонт белаазёрскіх дарогаў. Гэта нягледзячы на тое, што пераважная частка грошай з гэтага фонду пералічвалася сёлета на арганізацыю “Дажынак” у Пружанскім раёне. Горад з надыходам цемры патынае ў ёй жа… І гэтую праблему трэба неяк вырашаць. Мы ініцыявалі збор подпісаў. Пад зваротам ужо падпісаліся паўтары тысячы грамадзянаў”.
А вось што кажа пра тыя высілкі дырэктарка мясцовага ліцэю Ніна Пратасевіч — чалавек, набліжаны да вэртыкалі:
(Пратасевіч: ) “Як я назіраю, то пакуль што ў мяне пра гэтых так званых дэпутатаў новае хвалі меркаваньне склалася такое: яны няправільна разумеюць сваё становішча”.
І “няправільных” пастаянна папраўляюць. Робіцца гэта па-рознаму. Напрыклад, праз пастаянную крытыку з боку тутэйшай афіцыйнай газэты “Маяк”. Такіх матэрыялаў прыкметна пабольшала напярэдадні давыбараў. Як заўважаюць чытачы, каб пазбавіць даверу белаазёрцаў да ня ўгодных уладзе дэпутатаў. Дзеля гэтага ідуць нават на зусім неверагодныя крокі. Напрыклад, ледзьве не адмовіліся ад гуманітарнай дапамогі: лекаў на суму да 7 мільёнаў.
(Карэспандэнт: ) “Я чуў, што ўлады паспрабавалі нейкім чынам прытармазіць справу, і зноў жа матывацыя — маўляў, людзі скажуць, што гэтага дамагліся дэмакраты, а не яны!”
(Губарэвіч: ) “Хутчэй, тут віна амасфэры страху, якая напаляецца вакол дэмакратычных дэпутатаў. Гэта ўсё ў кантэксьце маючых адбыцца давыбараў. Ідзе ціск ня толькі на нас, але й ускосна на кіраўніцтва гораду, лякарні. Яно ў пэўны момант было нават гатовае адмовіцца ад атрыманьня той дапамогі, абы ня быць неяк замяшанымі й ня мець кантактаў з дэпутатамі ад дэмакратычных партыяў. Цяпер гатовыя прыняць яе, але зноў жа — каб усё прайшло ціха, каб нікога не было. Што называецца, прывезьлі, паставілі і зьехалі…”
Зусім па-іншаму ацэньвае сытуацыю спадарыня Пратасевіч:
(Карэспандэнт: ) “Калі прыяжджаў Майкл Козак, то дамовіліся, у прыватнасьці, што ён дапаможа ў вылучэньні гораду нейкай партыі мэдыкамэнтаў. А калі груз прыйшоў, дык мясцовае начальства, аптэкі ды лякарні былі напалоханыя: па-першае, амэрыканцы, па-другое — гэта ідзе з падачы, як тут кажуць, так званых дэмакратаў”.
(Пратасевіч: ) “Козак прыяжджаў якраз у нашую гімназію. Амбасадар такой дзяржавы — і раптам стаў хадзіць па гэтых трохпавярхоўках… У мэрыю не зайшоў, у гарсавет таксама, з уладай гарадзкой не сустрэўся, а вось з апазыцыянэрамі… Карацей, я лічу, паводзіў сябе неадпаведна”.
Паколькі тую “неадпаведнасьць”, на думку вэртыкалі, справакавалі дэпутаты-“апазыцыянэры”, пачалі разьбірацца зь імі. Пра тое, як гэта рабілася, распавядае Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Дэпутат сёньня ня мае магчымасьці адысьці, каб паразмаўляць з тым жа начальнікам камунальнай службы, бо за ім вядзецца назіраньне, пільна адсочваецца: на колькі хвілінаў і куды ён сышоў. Надзея Быкава, напрыклад, заплянавала на сваім участку суботнік. У адзін дзень яна на паўгадзіны адлучылася, каб расклеіць абвесткі, а ў суботу, у свой мэтадычны дзень (для настаўнікаў ён звычайна вольны) адбыўся непасрэдна суботнік. І хоць ён прайшоў на “ўра”, яна мела праблемы”.
(Быкава: ) “Дырэктар мяне адразу папярэдзіў: я не хачу з-за вас быць звольненым. З-за вашай грамадзкай, дэпутацкай дзейнасьці”.
(Карэспандэнт: ) “На яго націснулі зьверху?”
(Быкава: ) “Так”.
(Карэспандэнт: ) “Калі вы сёньня распавядаеце пра гэта, то не баіцеся?”
(Быкава: ) “Абсалютна не баюся”.
(Карэспандэнт: ) “А ці зразумеў вашую пазыцыю той жа дырэктар школы?”
(Быкава: ) “Мне падаецца, што пасьля нашай размовы ціск крышачку панізіўся. Хоць можа тут іншая гульня нейкая пачалася, пакуль ня ведаю. Гаварылі мы ўтрох: дырэктар, завуч і кіраўнік РАНА. Яны зразумелі, што мяне голымі рукамі ня возьмеш”.
(Карэспандэнт: ) “А калі абагульніць вамі сказанае і зірнуць з гэтым усім на сытуацыю з давыбарамі: ці ўдасца ўладам задушыць у людзях грамадзянскую пазыцыю?”
(Быкава: ) “Ня ведаю. Я мяркую, збольшага кожны на сваю руку цягне. Разумееце, тут у Белаазёрску страшэннае беспрацоўе, і калі пачнуць ціснуць на сям’ю, напрыклад, то ўсялякае можа стацца”.
Спадарыню Быкаву дапаўняе Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “Выканаўчыя ўлады пайшлі далей і цяпер адсочваюць нават візыты дэпутатаў гарадзкога савету. Дайшло да таго, што ў той жа Надзеі Быкавай запатрабавалі пашпарт. Каб праверыць па штампах, ці выяжджала яна куды-небудзь апошні час. Ціск адбываецца па лініі працы. Выклікаюць да дырэктара людзей-дэпутатаў, прыяжджаюць вялікія выканкамаўскія чыноўнікі, адбываюцца “наезды”: сядзі, не высоўвайся, куды ты лезеш — звольнім!”
Зразумела, гэта не дадае аптымізму тым дэмакратычна скіраваным белаазёрцам, якія пагадзіліся змагацца на давыбарах за дэпутацкія мандаты. Тым больш, адпаведная праца вэртыкалі пачалася і зь імі. Сёй-той ужо адмовіўся ад ранейшых намераў. Каб неяк прыхаваць свой страх, тлумачылі свае паводзіны беспэрспэктыўнасьцю — маўляў, усё роўна будуць фальшаваньні пры падліку галасоў, і ўлада правядзе “патрэбных” людзей… Распавядае Юрась Губарэвіч:
(Губарэвіч: ) “На сакавіцкіх выбарах у Белаазёрску зафіксавалі факт фальшаваньня (я думаю, ён і не адзіны). Праз два-тры дні з ініцыятывы старшыні выканкаму Вячаслава Дамброўскага вынікі выбараў былі перагледжаныя. Ну, натуральна, гэта выклікала вялікае абурэньне, справу перадалі ў суд. Заводзіць крымінальную справу адмовіліся — былі толькі прысуджаныя рознага памеру штрафы. Уяўляеце нашае абурэньне, калі мы ўведалі, што й гэтыя выбары пройдуць пад патранажам тых жа самых людзей”.
Аднак старшыня гарадзкой выбарчай камісіі спадар Канецкі ня бачыць у гэтым нічога страшнага. І пазыцыю сваю трактуе вельмі незвычайна:
(Канецкі: ) “Ха-ха, гэта ўсё ня ў горадзе рабілася! Усё рабілася там, куды здаюцца ўсе дакумэнты. Участковая камісія спрацавала нармалёва, а потым пачаліся дзівосы”.
(Карэспандэнт: ) “Як вам падаецца: ці можа быць паўтор веснавога сцэнару, калі нехта зацікаўлены ў пэўных выніках?”
(Канецкі: ) “Не! Тут быў адзін чалавек з уплывам, які жадаў стаць старшынём гарсавету. Народ прагаласаваў супраць. Але ён паехаў да вышэйшага кіраўніцтва”.
(Карэспандэнт: ) “І дамогся свайго?”
(Канецкі: ) “Так, бо ў яго ёсьць “падвязкі” ў адміністрацыі прэзыдэнта. І яны вымушаныя былі гэта зрабіць, каб улагодзіць яго”.
Дарэчы, той самай участковай камісіяй, дзе й адбываліся тыя “дзівосы”, кіравала і цяпер будзе кіраваць спадарыня Пратасевіч:
(Карэспандэнт: ) “Я не магу не задаць вам пытаньня пра веснавы выпадак, калі ўмешвалася пракуратура: нібыта зачапілі і вас, абвінавацілі…”
(Пратасевіч: ) “Я ўжо і забылася, у чым”.
(Карэспандэнт: ) “Абвінавацілі вас у фальшаваньні, падтасоўцы каля дзясятку галасоў на карысьць таго дэпутата, які ішоў адзін па акрузе”.
(Пратасевіч: ) “Не. Не ў фальшаваньні: нас абвінавацілі ў тым, што мы падпісалі бюлетэні. А што я нібыта нешта фальшавала, дык гэта проста размовы былі — хто што ўздумае, тое і кажа. Аднак афіцыйна такога абвінавачаньня не было”.
Афіцыйна і сёньня ніхто нікога ў Белаазёрску не перасьледуе, вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты нібыта ўсе, хто таго жадаюць. Хоць на справе адбываецца па-іншаму. Але нягледзячы ні на што, мясцовыя дэмакраты, якія вырашылі ўсё ж змагацца за дэпутацкія мандаты, разьлічваюць на перамогу. Зусім хутка мы ўведаем, ці спраўдзяцца гэтыя чаканьні.