Саджанцы яблыняў, на якія я натыкнуўся пры ўваходзе ў штаб-кватэру Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, яшчэ раз згадалі, што на двары сярэдзіна кастрычніка, калі садзяць маладыя дрэвы, якія пачнуць прыносіць плады яшчэ праз гады.
15 гадоў таму ў Беларусі было пасаджанае маладое дрэва — узьнік Беларускі Народны Фронт. Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, адкрываючы ўрачыстую частку сёньняшняга партыйнага сойму, заявіў, што гэта была вызначальная для краіны падзея. Паводле Юрася Беленькага, з таго моманту Беларусі наканавана было прыйсьці да падзеяў 1991 году, калі пачалася яе незалежнасьць.
(Беленькі: ) “Калі ў Вярхоўным Савеце ўзьнікла апазыцыя БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком мы ўсё зрабілі, каб быў прыняты пакет дакумэнтаў, якія заклалі асновы існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы. Спачатку быў напрацаваны шэраг законаў — улады іх адкінулі. Потым быў прапанаваны праект Дэклярацыі аб незалежнасьці — улады і яго адкінулі. Але калі пачала рушыцца савецкая імпэрыя, зьвярнуліся яны да нашай дэклярацыі і пачалі на яе грунце ствараць сваю дэклярацыю”.
Супрацьстаяньне з уладай і сёньня ёсьць асноўнай прыкметай палітычнай плятформы, на якой знаходзіцца Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. У лісьце да партыйцаў Зянон Пазьняк вызначыў асноўныя кірункі гэтай барацьбы — праз суды змагацца за скасаваньне дамовы аб стварэньні адзінай дзяржавы з Расеяй, якую заключыў Аляксандар Лукашэнка, ды рыхтаваць глебу для новай хвалі беларускага адраджэньня. У канчатковай перамозе Зянон Пазьняк не сумняецца. Вось вытрымка зь ягонага ліста, зачытанага Валерам Буйвалам:
(Буйвал: ) “У гэтыя юбілейныя дні варта азірнуцца на наш шлях, які быў часта быў гераічны. Варта азірнуцца, каб напоўніцца гонарам і ўпэўненасьцю ў моцы нашай беларускай ідэі і справядлівасьці адраджэнскай справы”.
Актывісты КХП БНФ згадвалі ў асноўным тры падзеі: сход у Чырвоным касцёле 19 кастрычніка 1988 году, калі нечакана для ўладаў быў створаны аргакімітэт БНФ, мітынг на Дзяды таго ж году, які камуністычная намэнклятура разагнала, але ў выніку прайграла, бо пасьля гэтага мітынгу ў фронт пачалі тысячамі запісвацца людзі, ды ўстаноўчы зьезд БНФ, які прайшоў наступным годам у Вільні.
Яшчэ адной агульнай часткай успамінаў быў зьезд 1999 году, на якім Народны Фронт раскалоўся на дзьве часткі. Прадстаўнікі КХП БНФ лічаць, што гэта менавіта яны захавалі адданасьць ідэям халоднай восені 1988 году і не пагаджаюцца на кампрамісы з былымі калегамі. Сярод такіх непрымірымых Генадзь Банкевіч. Аднак жа і ён лічыць, што гэтыя спрэчкі — не галоўнае, для яго галоўнае — незалежнасьць і росквіт Бацькаўшчыны.
(Банкевіч: ) “Лічу, што няварта складваць рукі, а трэба працаваць, працаваць і працаваць. Як кажуць, зерне, укінутае ў глебу, дае ўсходы і квітнее. Жыве Беларусь!”
Паводле кіраўнікоў КХП БНФ, урачыстыя мерапрыемствы з нагоды 15-й гадавіны фронту пройдуць і ў рэгіянальных структурах партыі. Яны заплянаваныя на пэрыяд да 30 кастрычніка.