ВАЦЛАЎ ГАВЭЛ: “ЛУКАШЭНКА СТАВІЎСЯ ДА МЯНЕ ЎСЁ БОЛЬШ ХАЛОДНА”

Натальля Судлянкова, Прага

У сваім інтэрвію, славуты дысыдэнт, сусьветна вядомы палітык і драматург Вацлаў Гавэл распавядае, як было прынятае рашэньне перадаць узнагароду менавіта “Нашай Ніве” ды разважае на тэму ролі пісьменьніка ў сучасным грамадзтве.

Цягам цырымоніі перадачы ўзнагароды Вацлаў Гавэл шчыра павіншаваў Андрэя Дынько ды выказаў надзею на тое, што сытуацыя на Беларусі хутка палепшыцца. Нас зацікавіла, хто прапанаваў перадаць узнагароду менавіта “Нашай Ніве”.

(Гавэл: ) “Я абмяркоўваў ідэю перадаць прэмію са сваімі трыма супрацоўнікамі. У нас было некалькі розных варыянтаў, яны мне прапанавалі і параілі менавіта “Нашу Ніву”. І я прыйшоў да высновы, што гэтая прапанова – самая лепшая.”

Былы дысыдэнт Вацлаў Гавэл стаўся сымбалем пераходу грамадзтва ад таталітарызму да дэмакратыі. Але ён застаўся выбітным драматургам, ягоная фундацыя дапамагае маладым талентам, сярод якіх ёсьць і пісьменьнікі, і філёзафы. Менавіта Вацлаў Гавэл запрасіў у Прагу Васіля Быкава.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Гавэл, ці існуе нейкі ўплыў пісьменьніка на разьвіцьцё падзеяў у сучасным сьвеце і як пісьменьнік можа на гэта паўплываць?”

(Гавэл: ) “Я перакананы, што чым больш таталітарны ці аўтарытарны рэжым, тым больш важыць слова пісьменьніка. Я бачыў гэта ў нашай краіне, і , безумоўна, тое ж самае адбываецца ў вас. Але гэта ня значыць, што ва ўмовах дэмакратычнага альбо свабоднага грамадзтва слова пісьменьніка ня мае ніякага ўплыву. Наадварот. Чым больш істотным уплыў пісьменьніка, тым лепш, бо сёньняшні сьвет – заблытаны сьвет, патрабуе гэткага аналізу, патрабуе такога люстэрка, якое яму ствараюць інтэлектуалы, пісьменьнікі і філёзафы.”

Доўгія гады Вацлаў Гавэл ды ягоныя паплечнікі былі дысыдэнтамі, сам Вацлаў Гавэл правёў некалькі гадоў у турме, ён там цяжка захварэў.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Гавэл, ці не было калісьці ў Вас думкі, што гэта ўсё дарэмна?”

(Гавэл: ) “Я бы хутчэй сказаў, што рашэньне пайсьці гэтым шляхам, на якім былі і пакуты, было для мяне нагодай перайсьці да філёзафскага падыходу да жыцьця. Пра гэта гаворыць мая кніга лістоў зь вязьніцы, якую я напісаў не таму, што гэта была праца пісьменьніка, але гэта мне папросту дапамагала ў вязьніцы, дапамагала у развагах пра сьвет і пра падзеі навокал.”

Цяпер Вацлаў Гавэл актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю і лічыць за свой абавязак дапамагаць іншым краінам ісьці па шляху дэмакратыі. Ён актыўна займаецца праектамі, зьвязанымі з абаронай правоў чалавека, напрыклад, на Кубе. Не застаецца абыякавым і да падзеяў у Беларусі.

(Гавэл: ) “Я чуў пра існаваньне праекту, каб арганізаваць у Беларусі кангрэс ды запрасіць да ўдзелу ў ім некалькі чалавек, якія падтрымліваць дэмакратычны рух, напрыклад, Мадлен Олбрайт, але запрасіць таксама і прэзыдэнта Лукашэнку, якога я ведаю. І паспрабаваць прымусціь яго распачаць дыялёг. Я чуў такую ідэю, я ня ведаю, ці будзе яна рэалізаваная, але думаю, што гэта цалкам магчыма.”

Вацлаў Гавэл сказаў, што ведае Аляксандра Лукашэнку. Нас зацікавіла, як яны пазнаёміліся.

(Гавэл: ) “Ён ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у Чэхіі, а я ня быў у Беларусі. Аднак, мы шмат разоў сустракаліся на розных самітах і міжнародных перамовах. Мы шмат разоў ветліва размаўлялі, але ў апошнія гады, як я сам бачыў, ён ставіўся да мяне ўсё больш халодна.”