Прадстаўнік кінастудыі Рыгор Елісавецкі кажа, што папярэджваў пра судовы працэс непасрэдна прадусара ОНТ Ягора Хрусталёва. Што ўвогуле не падзялілі беларускія тэлевізійнікі і ўкраінскія кінавытворцы, тлумачыць спадар Елісавецкі.
(Елісавецкі: ) “Гэта зьвязана са стужкай “Прыходзьце заўтра”, якую ОНТ паказала без адпаведнай ліцэнзіі. Я асабіста тэлефанаваў намесьніку дырэктара каналу ОНТ Хрусталёву і папярэдзіў: паколькі мы эксклюзіўныя правы перадалі Першаму нацыянальнаму каналу, вы ня маеце ніякіх правоў на трансьляцыю стужкі. У адказ пачуў: мы наогул не зьяўляемся каналам, а толькі рэтрансьлюем праграмы са спадарожніка. Гэта наогул абсурд: як можна ня быць каналам, але зьбіраць грошы за рэкляму?
Тады наогул якое яны маюць права прымаць праграмы са спадарожніка, калі няма дамовы, няма ліцэнзій на права дэманстрацыі фільмаў? Хрусталёў сказаў, каб мы свае прэтэнзіі прад’яўлялі Міністэрству сувязі: маўляў, гэтае ведамства кантраляюе перадачу праз спадарожнік. Адным словам, адказ на ўсё зь іхнага боку адзін: нічога ня ведаем, першы раз чуем. Але я іх папярэдзіў”.
А вось у рэдакцыі ОНТ кажуць, што ўпершыню чуюць пра намер украінскай кінастудыі вырашыць спрэчную сытуацыю ў судовым парадку. Гаворыць юрыстка “Агульна-нацыянальнага каналу” Аляксандра Пархоменка:
(Пархоменка: ) “Калі мы сапраўды нешта парушылі, будзем разьбірацца — ці мае падобны факт месца. Але яны проста могуць паставіць нас перад фактам, паколькі пераддамоўнага разьбіральніцтва заканадаўствам не прадугледжана. Могуць адразу ў суд падаць паводле месцазнаходжаньня адказчыка. Калі гэта мы — то ў Менску, у Беларусі. Але пра сытуацыю ўпершыню ад вас чую”.
Цяпер юрысты Адэскай кінастудыі рыхтуюць адпаведныя дакумэнты, якія могуць спатрэбіцца ў судзе. Паказальна, што супраць тэлеканалу ОНТ на баку адэсітаў можа выступіць і Беларускае тэлебачаньне, якое, адрозна ад ОНТ, мае ліцэнзію на паказ спрэчнага фільму “Прыходзьце заўтра”.
Некаторыя юрысты лічаць, што шукаць праўды ў беларускім судзе, асабліва суб’ектам зь небеларускай формай уласнасьці, цяжка. Дастаткова ўзгадаць пра спробы расейскага спадарожнікавага каналу “НТВ+” таксама абараніць сваю інтэлектуальную ўласнасьць і пакараць Беларускае тэлебачаньне за несанкцыянаваную трансьляцыю матчаў футбольнага чэмпіянату сьвету. Альбо супрацьстаяньне на іншым фронце — паміж піцерскім броварам “Балтыка” і менскай “Крыніцай”. Аднак кіраўніцтва Адэскай кінастудыі гэтыя прыклады не палохаюць.