17 кастрычніка 1588 году, 415 гадоў таму ўведзены ў дзеяньне Статут Вялікага Княства Літоўскага. Часам гісторыкі называюць яго першай эўрапейскай канстытуцыяй. Гэты кодэкс права на працягу 250 гадоў быў дзейным законам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Ўкраіны і складаў аснову ўсёй прававой сыстэмы Вялікага Княства Літоўскага. Складаецца Статут з 14 разьдзелаў, 488 артыкулаў. Ён усталёваў адказнасьць шляхты за забойства паспалітага чалавека, абвяшчаў ідэю верацярпімасьці, забараняў перадачу вольнага чалавека за даўгі або злачынствы ў няволю. Надрукаваны Статут быў на старабеларускай мове ў віленскай друкарні Мамонічаў, а прадмову да яго напісаў канцлер Вялікага Княства Леў Сапега.
17 кастрычніка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет польскі кампазытар Фрэдэрык Шапэн, беларускі падарожнік і знаўца Японіі Язэп Гашкевіч і беларускі палітычны дзяяч і навуковец Радаслаў Астроўскі.
17 кастрычніка 1964 году ў Беларусі адкрытае першае прамысловае радовішча нафты. Вучоныя кажуць, што калі б Беларусь цалкам жыла толькі за кошт свае нафты, дык выбрала б увесь запас за 30 гадоў.
17 кастрычніка 1696 году нарадзіўся Аўгуст ІІІ – вялікі князь літоўскі і кароль польскі, адзін з колішніх кіраўнікоў нашага краю. Праўда, Аўгуст ІІІ ня меў сваіх палітычных канцэпцыяў і таму кіравалі фаварыты. Цэнтральная ўлада амаль ня дзейнічала, а мясцовыя ўлады ў паветах праводзілі сваю самастойную палітыку. У краіне запанаваў глыбокі палітычны крызыс. Краіна ўсё больш трапляла ў залежнасьць ад Расеі. Калі ж Аўгуст ІІІ памёр у 1763 годзе, частка Беларусі ўжо была далучаная да Расейскай імпэрыі.
І цяпер – некалькі памятных датаў заўтрашняе суботы.
18 кастрычніка у 1809 годзе быў закладзены Сабор Сьвятых Пятра й Паўла ў Гомелі. Пабудаваны ён ангельскім архітэктарам Джонам Кларкам на сродкі графа Румянцава. У гэтым саборы знаходзіцца й магіла графа. За савецкім часам тут быў плянэтарый, а цяпер, як і колісь, праваслаўная бажніца.
Заўтра спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэньня Ўладзімера Ўладамірскага, зоркі першае велічыні Купалаўскага тэатру, народнага артыста Беларусі.
А яшчэ 18 кастрычніка 1932 году нарадзіўся Вітаўтас Ландсбэргіс, кампазытар, музыкавед, адзін з самых прыкметных савецкіх палітыкаў часоў “перастройкі”, першы кіраўнік незалежнай Літвы.