ЖУРНАЛІСТКУ ІРЫНУ ХАЛІП ЗНОЎ ВЫКЛІКАЛІ Ў ПРАКУРАТУРУ БЕЛАРУСІ ДАЦЬ ТЛУМАЧЭНЬНІ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Журналістка “Белорусской деловой газеты” Ірына Халіп — сталая наведніца рэспубліканскай пракуратуры. Але сёлета яна прыходзіць туды ня дзеля таго, каб узяць інтэрвію ў супрацоўнікаў гэтага ведамства, а выключна як асоба, якой цікавяцца сьледчыя. Супраць Ірыны Халіп ужо распачатая крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў паклёпе на дзяржаўных асобаў. Ірына не выключае, што можа зьявіцца і другая падобная справа, але ўжо паводле падазрэньняў у паклёпе на прэзыдэнта Беларусі.

Гэтая небясьпека вынікае зь сёньняшняй сустрэчы Ірыны Халіп з супрацоўнікамі пракуратуры Беларусі спадарамі Грамакоўскім і Радзівонавым, якія адмыслова выклікалі журналістку на размову. Пытаньні яны задавалі адносна двух артыкулаў Ірыны Халіп, якія былі нядаўна надрукаваныя ў расейскай “Новой газете”. Назва першага артыкула – “Садам Хусэйн можа хавацца ў Беларусі?”, другога — “Беларускі блефмэйкер выдае сябе за дзяўчыну”. У абодвух артыкулах фігуруе асоба Алякандра Лукашэнкі. У першым ён паўстае як палітык, які мог бы запрасіць былога ірацкага дыктатара; у другім абмяркоўваецца асабістае стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да расейска-беларускага саюзу. Ірына Халіп згадвае:

(Халіп: ) “Ад мяне патрабавалі тлумачэньняў, якой мэты ўвогуле я спрабавала дасягнуць гэтымі артыкуламі. Ці спрабую я сьцьвярджаць, што Аляксандар Лукашэнка садзейнічае міжнароднай злачыннасьці”.

Паводле Ірыны Халіп, на гэтыя падазрэньні яна адказала, што выкарыстоўвала ў сваіх артыкулах толькі шырокавядомыя факты, даючы чытачам магчымасьць самім рабіць высновы. Але журналістка не выключае, што ў сьледчых на гэты конт можа быць іншае меркаваньне.

Журналістка згадвае, што на паперцы з цытатамі яе артукулаў, якімі падчас размовы кіраваліся сьледчыя, была пазначана лічба 367. Пад такім нумарам у Крымінальным кодэксе зьмешчаны артыкул аб паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Кодэкс прадугледжвае пяць гадоў абмежаваньня волі альбо турмы за гэтае злачынства. Ірыне Халіп, аднак, не было заяўлена, што яна ўжо падазраецца ў падобным злачынстве.

Між тым, у пракуратуры Беларусі мне пацьвердзілі, што сапраўды вядзецца праверка таго, ці ёсьць у гэтых артыкулах прыкметы паклёпу на прэзыдэнта. “Сьледчыя самі вырашаць, ці варта заводзіць крымінальную справу”, — заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры Юры Азаронак.

За паклёп на прэзыдэнта ў Беларусі ўжо былі асуджаныя гарадзенскія журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, а таксама менскі журналіст Віктар Івашкевіч, які дагэтуль адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры гораду Баранавічы.