ВОЛЬГА ЗАВАДЗКАЯ: “КАМУ ПАТРЭБНЫЯ МАЦІ ЗЬНІКЛЫХ?”

Ганна Соусь, Менск

Ульляна Захаранка жыве адна ва ўласнай хаце ў Васілевічах, што ў Рэчыцкім раёне. Для яе, маці былога міністра ўнутраных справаў, сёньняшняе афіцыйнае сьвята Дзень маці — яшчэ адзін напамін пра сына Юрыя, які зьнік больш за чатыры гады таму, і лёс якога дагэтуль невядомы.

(Захаранка: ) “Я сябе адчуваю вельмі дрэнна. Я вельмі пакутую на ціск. Удзень падае, уначы падвышаецца. Ногі баляць, я хадзіць не магу. І што я ні раблю, нічога не дапамагае. Ды й не дапаможа ўжо, бо такое перажываньне, што ня можна яго перанесьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у Вас нейкія новыя зьвесткі пра сына?”

(Захаранка: ) “Пра Юру нічога няма. Што я перажываю, што я перажываю… Але што ж рабіць? Куды дзецца?”

Маці тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага ўжо на пэнсіі, але яшчэ працуе лекарам-стаматолягам у 2-й паліклініцы ў Менску. Назіраючы за сёньняшнімі ўрачыстасьцямі з нагоды Дня маці, Вольга Завадзкая ўзгадвае, як кіраўнік Беларусі публічна абяцаў знайсьці яе сына:

(Завадзкая: ) “Напачатку Лукашэнка сам абяцаў, што знойдзе Дзіму. Не, канечне. Каму я патрэбная? Як, напэўна, усе астатнія маці… І жонкі”.

Але Вольгу Завадзкую не забываюць калегі й сябры Дзімы. Нядаўна да яе прыходзіў Павал Шарамет і перадаў ёй журалісцкую ўзнагароду імя Зьмітра Завадзкага.

(Карэспандэнтка: ) “Як Вы лічыце, ці будзе калі-небудзь раскрытая таямніца зьнікненьня Вашага сына?”

(Завадзкая: ) “Напэўна, будзе, але я думаю, што няхутка. Я не губляю надзеі даведацца праўду”, — сказала Вольга Завадзкая.

У вёсцы ў Крупскім раёне жыве ў адзіноце маці Анатоля Красоўскага. Датэлефанавацца да яе я ня здолела, бо там на ўсю вёску — толькі адзін тэлефон, і той дрэнна працуе. Да таго ж Ксеніі Красоўскай цяжка хадзіць, у яе хворыя ногі.

Валянціна Ганчар жыве разам са сваёй дачкой, сястрой Віктара Ганчара, у пасёлку Першамайскі, што пад Лідай. Яна таксама адчувае сябе вельмі дрэнна. Як распавяла для Радыё Свабода жонка Віктара Зінаіда, блізкія аберагаюць Валянціну Ганчар ад усіх хваляваньняў, таму што пасьля кожнай размовы пра зьніклага сына ў яе значна пагаршаецца здароўе.

Нікога з чатырох маці зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага не запрасілі на афіцыйную цырымонію шанаваньня мацярок, якая ўчора адбылася ў Савеце міністраў Беларусі. Не бяруць яны ўдзелу і ў шматлікіх урачыстасьцях, якія адбываюццца на гэтым тыдні ў розных кутках Беларусі.

Дзень маці афіцыйна адзначаецца ў Беларусі ад 1996 году. Ён прымеркаваны да праваслаўнага сьвята Пакрова Сьвятой Багародзіцы.