ТБМ: “НЕ ВЫПРОШВАЦЬ БЕЛАРУШЧЫНУ, А СТВАРАЦЬ ЯЕ”

Валянціна Аксак, Менск

Да самага апошняга моманту месца правядзеньня зьезду трымалася ў таямніцы. Прычына, як патлумачыў напярэдадні ў інтэрвію нашаму радыё старшыня ТБМ Алег Трусаў, у перасьцярозе, “што прыйдзе пажарнік і знойдзе міну”. Міны не знайшлі, і зьезд адбыўся ў тэатральнай залі менскага касьцёлу сьвятых Сымона і Алены, пробашч якога Ўладзіслаў Завальнюк, дарэчы, быў абраны каторы раз сябрам рады ТБМ.

На зьезьдзе прысутнічалі 146 дэлегатаў ад 45 рэгіянальных структураў. Разам у шэрагах ТБМ цяпер налічваецца больш за 7 тысяч грамадзянаў Беларусі і больш за 300 замежных сяброў. Яны аб’яднаныя ў 62 зарэгістраваныя ў мясцовых органах улады суполкі. І яшчэ дзейнічае 47 незарэгістраваных суполак ТБМ.

На зьезд не былі запрошаныя ні замежныя госьці, ні прадстаўнікі ўлады. І гэта надало імпрэзе працоўны, разважна-прагматычны характар. Таму што, як заяўлялі дэлегаты, з часу мінулага зьезду істотна зьмянілася моўная сытуацыя. Па-першае, ні на дапамогу міжнародных грамадзкіх арганізацыяў, ні на спрыяньне сваіх уладаў актывісты беларушчыны больш не разьлічваюць.

“Не выпрошваць беларушчыну, а ствараць яе”, — так акрэсьліў цяперашнія мэты ТБМ намесьнік старшыні Сяржук Кручкоў. І канкрэтызаваў некаторыя праграмы, над якімі цяпер працуюць адмыслоўцы таварыства. Ствараюцца кампутарныя праграмы, якія дазволяць беларусізаваць электронныя сродкі камунікацыі і інфармацыі. А таксама істотна паскорыць пераклады тэкстаў на беларускую мову ў справаводзтве і выдавецкай справе. Ідзе актыўная праца над канцэпцыяй незалежнага спадарожнікавага беларускамоўнага тэлебачаньня.

Па-другое, як адзначыла першая намесьніца старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч, у грамадзтве зьмянілася стаўленьне да актыўных носьбітаў мовы. Цяпер яно паважлівае ці, у горшым выпадку, абыякавае — але не агрэсіўнае, як было колькі гадоў таму. Саміх жа носьбітаў роднае мовы, па зьвестках, якія прывёў у сваім выступе лідэр БНФ, філёляг паводле адукацыі, Вінцук Вячорка, цяпер у краіне болей за 60 %. Гэтую лічбу складаюць тры групы: тыя, хто гаворыць на літаратурнай беларускай мове; тыя, карыстаецца мяшанаю лексыкай, ці гэтак званаю трасянкай; і тыя, хто скарыстоўвае, у залежнасьці ад абставінаў, то расейскую, то беларускую. Спадар Вячорка заклікаў пашанотна ставіцца да прадстаўнікоў усіх гэтых групаў, бо разам “мы вялікая сіла, і з гэтых пазыцыяў нам трэба выступаць”.

Зьезд абраў старшынём ТБМ на новы двухгадовы тэрмін Алега Трусава. Ягонымі намесьнікамі абраныя Людміла Дзіцэвіч, Алена Анісім і Сяржук Кручкоў. Абраная рада ТБМ ў складзе 54 асобаў.

Таксама дэлегаты зьезду прынялі рэзалюцыю “Шанаваньне роднае мовы — шлях да дэмакратыі”, рэзалюцыю па сытуацыі вакол Беларускага гуманітарнага ліцэю, зварот у Канстытуцыйны суд краіны па парушэньнях заканадаўства кіраўніцтвам першага нацыянальнага тэлеканалу ды іншыя дакумэнты.