ЗАЎТРА АДБУДЗЕЦЦА ПАСЕДЖАНЬНЕ НАЙВЫШЭЙШАЙ РАДЫ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ

Уладзімер Глод, Менск

Прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч на маё пытаньне, ці можа яна сказаць што-небудзь новае наконт паседжаньня найвышэйшай дзяржаўнай рады, абмежавалася спасылкай на вынікі апошняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна:

(Пяткевіч: ) “Пакуль не. Усё, што было сказана, было абвешчана паводле вынікаў нарады. Там усё напісана”.

У Маскве я здолеў атрымаць больш падрабязную інфармацыю. Кіраўнік дэпартамэнту інфармацыі сталага камітэту гэтак званай саюзнай дзяржавы Павал Лысоў выказаў заклапочанасьць наконт парадку дня саміту:

(Лысоў: ) “Паседжаньне будзе заўтра. Найвышэйшая дзяржаўная рада, як звычайна, восем асобаў будуць прысутнічаць, плюс запрошаныя. Парадак дня рыхтуецца, паколькі некаторыя пытаньні яшчэ на стадыі абмеркаваньня. Але ў любым выпадку там будзе ісьці размова пра бюджэт: пра выкананьне сёлятняга, пра парамэтры бюджэту наступнага году. Там яшчэ шэраг пытаньняў, адносна якіх ідуць перамовы. Гэтае паседжаньне — складанае. Вы ж ведаеце, што на саюзным Саўміне складана ішлі два, ці, прынамсі, адно пытаньне — валютнае. Там ідуць цяпер апошнія кансультацыі”.

Ня бачыць станоўчых пэрспэктываў у перамовах у Маскве і кіраўнік міжнароднай арганізацыі “Беларуская дзелавая ініцыятыва”, былы амбасадар і міністар зьнешніх эканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч:

(Марыніч: ) “Заўтрашняе паседжаньне найвышэйшай дзяржаўнай рады Беларусі й Расеі, на мой погляд, нічога новага ў адносіны дзьвюх краінаў не ўнясе. Перамовы ў Сочы ня спраўдзілі надзеяў Лукашэнкі на працяг бясконцага гандлю з Расеяй. Мне падаецца, што гэта будзе чарговае рабочае мерапрыемства. І ня больш.

І тым ня менш, беларускія ўлады будуць спрабаваць чарговы раз дамагчыся нейкіх саступак з боку Масквы, каб уседзець на расейскай наркатычнай іголцы. Я ўпэўнены, што прэзыдэнт Пуцін ад сваёй прапановы — перавесьці гандлёвыя адносіны зь Беларусьсю ў рынкавыя формы — адступаць ня будзе. А таму газ і іншыя энэрганосьбіты давядзецца купляць па рынкавых цэнах. Гэта будзе прымушаць беларускія ўлады пайсьці нарэшце на рынкавыя рэформы. Для іх правядзеньня патрэбная адпаведная палітычная воля. Але ў Лукашэнкі пакуль яе ня бачна і, мабыць, увогуле ня будзе.

На маскоўскай сустрэчы Расея будзе працягваць сочынскую лінію. Таму рэальным, на мой погляд, будзе толькі адно пытаньне — бюджэтнае. А што тычыцца цэнаў і тарыфаў, то яны будуць спушчаныя камэрцыйным арганізацыям, такім як “Газпром” і РАО ЕЭС, ды іншым”.

Яшчэ адзін экспэрт, кіраўнік аддзелу Беларусі Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў, таксама ўпэўнены, што на гэтай сустрэчы адказу на пытаньне аб стварэньні рэальнай саюзнай дзяржавы не прагучыць.