Геаграфія паездак экспэртаў МАГАТЭ па Беларусі ня вельмі шырокая: па адным навуковым інстытуце НАН і БДУ ў Менску, Аб’яднаны інстытут энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў у Соснах, пункты захаваньня радыеактыўных адкідаў у Гомелі і завод мэдычных прэпаратаў у Нясьвіжы.
Пакуль што экспэрты МАГАТЭ ўстрымліваюцца ад камэнтароў: візыт толькі распачаўся. У прэсавым рэлізе ўказваецца, што місія ёсьць ацэначная і праходзіць у рамках мерапрыемстваў у справе бясьпекі радыеактыўных крыніцаў у новых незалежных краінах.
Дырэктар НДІ ядзерных праблемаў БДУ Ўладзімер Барышэўскі канстатуе, што няварта аўтаматычна ставіць гэты прыезд у адзін шэраг з наведваньнямі Іраку, Ірану ці Паўночнай Карэі.
(Барышэўскі: ) “У Беларусі ніколі не вяліся дасьледаваньні, зьвязаныя са стварэньнем ядзернай зброі. Так, рэактар стваралі, але гэта зусім розныя рэчы. У Беларусі быў дасьледчы фізычны рэактар, які пасьля аварыі на ЧАЭС быў зачынены. А паколькі яго нельга вось так спыніць і сысьці, то штосьці вывозілі, а нейкія радыеактыўныя рэчывы засталіся. Яны, паводле правілаў МАГАТЭ, узятыя на кантроль, на ўлік. Як мы сьмяемся, інстытуту буйна пашанцавала, бо МАГАТЭ ім грошы дае. Хоць там і так была ахова добрая, але выдаткавалі яшчэ сродкі. І таму экспэрты пастаянна сюды прыяжджаюць і кантралююць. Але ніякіх падставаў, каб турбавацца, няма”.
А вось у Інстытуце фізыкаарганічнай хіміі НАН візыт экспэртаў МАГАТЭ чакалі з хваляваньнем. Прынамсі, пасьля сёньняшняга наведваньня неакрэсьленым робіцца лёс магутнай высокачастотнай устаноўкі “Гама”. Вось што гаворыць навуковы сакратар Інстытуту Людміла Гладкіх:
(Гладкіх: ) “У нашым інстытуце ёсьць устаноўка “Гама”. І мэта іхнага візыту — ацаніць ейную дзейснасьць, вызначыць ступень бясьпекі. Цяпер ажыцьцяўляецца праграма гарантаваньня бясьпекі вось такіх установак у Беларусі, і калі экспэрты палічаць за патрэбнае, то “Гаму” зьліквідуюць. Яшчэ адна падобная ўстаноўка ў нас ужо практычна зачыненая. Да нас экспэрты прыехалі ўпершыню, але дагэтуль яны інспэктавалі Інстытут радыябіялёгіі. Менавіта па гэтай праграме збольшага яны і прыехалі”.
Навуковец Уладзімер Барышэўскі кажа, што экспэртаў МАГАТЭ аб’ектыўна цікавіць у Беларусі і яшчэ адна сфэра — бясьпечнае захоўваньне радыеактыўных адкідаў. Таму іхная ўвага ў наступныя дні будзе засяроджаная на пунктах захаваньня “Гомель-30”, “Коласава” і “Экарэз”.
(Барышэўскі: ) “Гэтыя захаваньні не ўяўляюць пагрозы для чалавецтва, але ж пагражаюць нам самім. Насамрэч заўсёды такія інспэкцыі трэба вітаць, бо гэта падстава для абмеркаваньня іншых балючых праблемаў. Пройдзе 10–20 гадоў, і перад намі паўстане пытаньне будаўніцтва атамных электрастанцыяў. А што рабіць, калі з часам зьнікне нафта? Я з гледзішча эканомікі не прафэсіянал, але як адмысловец у сваёй галіне ведаю: ніхто ад АЭС нікуды ня дзенецца. Іншая справа, што неабходна ўсё рабіць якасна, будаваць як трэба, весьці тэрмаядзерныя дасьледаваньні, бо гэта адзіны спосаб выжыць. Бо пройдзе 20 гадоў, і стане туга”.
Дарэчы, прагнозы спадара Барышэўскага ўскосна пацьвярджаюцца і складам дэлегацыі МАГАТЭ: сярод экспэртаў ёсьць і прадстаўнік Мінатаму Расеі. А менавіта гэтая структура кантралюе дзейнасьць усіх АЭС на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.