КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Спачатку – пра каляндарныя адметнасьці ўчорашняе нядзелі.

12 кастрычніка – дзень адкрыцьцяў. Менавіта ў такі дзень у 1492 годзе Хрыстафор Калюмб адкрыў Амэрыку. Праўда, гэта была яшчэ ня ўся Амэрыка, а толькі востраў Сан-Сальвадор на Багамах. І сам Калюмб лічыў, што прыплыў у Індыю. Тым ня менш, 12 кастрычніка для Амэрыкі настала новая эра.

12 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне пачалася Другая Ўсебеларуская Канфэрэнцыя. Беларускія палітыкі, якія паверылі, што ў БССР можна рэалізоўваць ідэалы нацыянальнага адраджэньня, пераконвалі сваіх калег-эмігрантаў “скласьці зброю” і спыніць барацьбу з бальшавікамі. На той Бэрлінскай канфэрэнцыі паўнамоцтвы ўраду БНР нібыта былі перададзеныя ўраду БССР. Аднак старшыня Рады БНР Пётра Крэчэўскі і ягоны намесьнік Васіль Захарка гэтага рашэньня не прызналі. Як паказала гісторыя, слушна зрабілі. Бо нацыянальнае адраджэньне ў савецкім Менску хутка зьмянілася жорсткай русіфікацыяй і патанула ў крыві масавых сталінскіх рэпрэсіяў.

12 кастрычніка 1865 году ў Смаленску нарадзіўся Міхал Анцаў – кампазытар, харавы дырыжор і пэдагог. Жыў Анцаў у Віцебску, дзе быў арганізатарам народнай кансэрваторыі, а пасьля, ужо ў савецкія часы, кіраваў дзяржаўным хорам. Напісаў кніжку для самавукаў – як навучыцца нотнае граматы.

І цяпер – пра каляндарныя даты дня сёньняшняга.

Сёньня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня беларускага мастака Язэпа Драздовіча. Ён прыйшоў на сьвет у засьценку Пунькі на Глыбоччыне, вучыўся ў Вільні. Драздовіч быў шматгранным творцам – жывапісцам, графікам, скульптарам, разьбяром па дрэву, пісьменьнікам, паэтам, этнографам, фальклярыстам, астраномам… Цяпер мала хто ведае, што працуючы фэльчарам падчас Першай сусьветнай вайны, Драздовіч прымаў па пяцьсот пацыентаў за дзень; быў мастацкім рэдактарам першага ў савецкай Беларусі лемантара; у Германавічах арганізоўваў асьветнае таварыства “Заранка”, а ў вёсцы Сталіца – школу з навучаньнем на роднай мове паводле сваёй уласнай мэтодыкі; пешшу абыйшоў ці ня ўсю Заходнюю Беларусь, замалёўваючы курганы і рэшткі замкаў; пісаў гістарычны раман “Гарадольская пушча”, а на схіле жыцьця стаў вандроўным вясковым мастаком. Язэп Драздовіч быў пачынальнікам касьмічнае тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Ён – аўтар кнігі “Нябесныя бегі”, у якой выклаў сваю тэорыю будовы космасу.

13 кастрычніка 1896 году ў Пецярбургу нарадзіўся Мікалай Шчакаціхін, выдатны беларускі гісторык культуры і пэдагог. Адзін з заснавальнікаў найноўшага беларускага мастацтвазнаўства. Дасьледаваў гісторыю беларускага мастацтва ад яго вытокаў да сучаснасьці – вывучаў старажытныя фрэскі, абразы, архітэктурныя помнікі, гравюры выданьняў Скарыны. У 1937 годзе Мікалай Шчакаціхін быў расстраляны савецкімі карнымі органамі.