МІНІСТАР АБАРОНЫ АРМЕНІІ НАВЕДАЎ БЕЛАРУСЬ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Візыт у Беларусь міністра абароны Арменіі Сэржа Саргсяна прыйшоўся на час, калі ў Беларусі праводзяцца найбуйнейшыя за ўсю яе найноўшую гісторыю краіны манэўры – “Чыстае неба-2003”. Сэржа Саргсяна запросяць паназіраць за заключнай фазай манэўраў, калі ўдзел ў іх возьме галоўнакамандуючы Аляксандар Лукашэнка.

Паводле назіральнікаў, асаблівасьць беларуска-армянскіх дачыненьняў у тым, што Беларусь цалкам стала на бок Арменіі ў яе працяглым узброеным канфлікце з Азэрбайджанам за Нагорны Карабах.

Сёньняшняя прыналежнасьць Карабаха Арменіі ні кім у сьвеце дагэтуль не прызнаная. Фактычна вайна паміж Арменіяй і Азэрбайджанам працягваецца, але знаходзіцца ў замарожаным стане. А Беларусь, якая падпісала дамову з Арменіяй аб пастаўках у Арменію зброі, вайсковага абсталяваньня і баепрыпасаў, фактычна ўцягваецца ў гэты канфлікт.

Між тым, нагадаем, што напачатку 1990-ых гадоў з ініцыятывы Менска пад эгідай АБСЭ была створаная гэтак званая група “Minsk” у справе ўрэгуляваньня карабаскага канфлікту. У яе ўвайшлі ЗША, Францыя, Расея ды шэраг іншых эўрапейскіх краінаў, якія бралі на сябе абавязак садзейнічаць вырашэньню канфлікта і не спрывяць ягонай эскалацыі.

Беларусь спачатку адыгрывала пэўную ролю ў дзейнасьці групы, але з сярэдзіны 1990-х гадоў гэтая роля стала зусім незаўважнай. Цяпер, як і Расея, Беларусь падтрымлівае выключна Арменію, што паводле некаторых назіральнікаў спрыяе эскаляцыі канфлікту. Гэтую думку падзяляе Андрэй Фёдараў, экспэрт Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў, які, аднак, выкарыстоўвае больш мяккія фармулёўкі.

(Фёдараў: ) “Можа не эскалацыя, але падтрымка канфлікту ў такім стане, які нікога, акрамя Арменіі, задаволіць ня можа. Бо апрача Нагорнага Карабаху, армяне адхапілі пракладна 20% уласна азэрбайджанскай тэрыторыі і адтуль каля мільёна уцекачоў. Гэта вялікая праблема для Азэрбайджану і, зразумела, што ён гэта так не пакіне і ўсяляк будзе спрабаваць выправіць становішча”.

Андрэй Фёдараў мяркуе, што беларуска-армянскае вайсковае супрацоўніцтва адаб’ецца на дачыненьнях Беларусі з Азэрбайджанам.

(Фёдараў: ) “На мой погляд Азэрбайджану гэта ня вельмі падабаецца. Ня ведаю, ці будуць яны рабіць нейкія дыпляматычныя дэмаршы, але наўрад ці гэта палепшыць адносіны паміж Беларусяй і Азэрбайджанам.”

Беларускі парлямант ратыфікаваў дамову аб пастаўках у Арменію беларускай зброі і баепрыпасаў яшчэ летась, у сьнежні, а месяц таму гэта ж зрабіў і армянскі парлямант. Такім чынам, падчас цяперашняга візыту армянскага міністра абароны ў Беларусь будуць агавораныя ўласна тэхнічныя моманты паставак, – лічаць назіральнікі.