УКРАІНА ПАКУЛЬ НЕ АТРЫМАЛА СТАТУС АСАЦЫЯВАНАГА СЯБРА ЭЎРАЗЬВЯЗУ

Натальля Судлянкова, Прага

Напярэдадні сустрэчы Леанід Кучма выказваў сумненьні ў тым, ці сапраўды Эўразьвяз чакае Ўкраіну ў сваіх шэрагах. Раней меркавалася, што Кіеў цягам саміту атрымае пэўныя гарантыі з боку Брусэлю адносна запрашэньня Ўкраіне далучыцца да Эўразьвязу, а таксама прыблізны тэрмін магчымага далучэньня.

Аднак нечакана для ўсіх на прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася на мінулым тыдні, Леанід Кучма заявіў, што ніхто не чакае Ўкраіну ў Эўразьвязе, а трэба больш шчыльна разглядаць магчымасьць удзелу ў іншых эканамічных блёках – у першую чаргу, у дамове пра Аб’яднаную эканамічную прастору. На наступны дзень Кучма абверг свае словы ды ізноў абвесьціў пра шлях да Эўразьвязу.

У інтэрвію расейскай “Независимой газете” супрацоўнік Парыскага інстытуту міжнародных і стратэгічных стасункаў Арно Дзюб’ен сказаў, што Брусэль успрыняў апошнія заявы Леаніда Кучмы як спробу шантажу – маўляў, ня возьмеце нас – пойдзем да Расеі.

Прэсавы сакратар бюро Эўракамісіі ў Кіеве Стывен Каўманд у размове з нашым радыё заявііў, што Эўразьвяз жадае пачуць ад Украіны камэнтары ў пытаньні дамовы пра Адзіную эканамічную прастору.

(Каўманд: ) “Я думаю, што нас праінфармуюць адносна пагадненьня. Мы безумоўна хочам, каб нас праінфармавалі. Але нашая пазыцыя цалкам зразумелая. Гэта справа Ўкраіны, права і абавязак кіраўніцтва нацыі вызначаць эканамічныя інтарэсы краіны. Вольны гандаль і шырокае супрацоўніцтва з суседзямі, у тым ліку з трыма краінамі, зь якімі Украіна падпісала дамову пра Адзіную эканамічную прастору, безумоўна, не супярэчыць абавязацельствам Украіны ў дачыненьні да Эўразьвязу”.

Украіна пакуль не атрымала статус асацыяванага сябра Эўразьвязу. Прадстаўнікі аб’яднанай Эўропы палічылі, што Ўкраіна яшчэ не гатовая да гэтага. Тым ня менш, прэзыдэнт Эўракамісіі Рамана Продзі паабяцаў Украіне, што раней ці пазьней Украіна далучыцца да аб’яднанай Эўропы. Аднак, дакладная дата так і не прагучала. Вось што сказаў з гэтае нагоды Стывен Каўманд.

(Каўманд: ) “Я думаю, што пытаньне адносна дакладнай даты далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу не разглядаецца. Мы пакідаем гэтае пытаньне адкрытым. Але мы безумоўна не пакінем усё гэта ў такім стане”.

Спадар Каўманд патлумачыў, што Эўразьвяз будзе дапамагаць Украіне падрыхтавацца да далучэньня. Адной з умоваў гэтага зьяўляецца дэмаркацыя дзяржаўнай мяжы. Эўразьвяз паведаміў пра выдзяленьне Ўкраіне 8 мільёнаў даляраў на ўзмацненьне паўночнай і паўночна-усходняй мяжы – зь Беларусяй і адпаведна з Расеяй.

Дамова зь Беларусяй адносна дзяржаўнай мяжы была падпісаная 12 траўня 1997 году, але дагэтуль беларускі парлямант яе не ратыфікаваў.

З Расеяй таксама застаецца незакрытым пытаньне марской мяжы. Найбольш спрэчным сталася будаўніцтва расейскім бокам дамбы, якая зьвяжа ўкраінскую выспу Коса Тузла з расейскім берагам Тамінскай паўвыспы.

Расея тлумачыць неабходнасьць пабудовы гэтае дамбы экалягічнымі меркаваньнямі – маўляў, размываецца бераг, у небясьпецы знаходзяцца цэлыя паселішчы. Аднак, украінскі бок перакананы, што гэтае будаўніцтва можа зьмяніць берагавую лінію, што прывядзе да новых складанасьцяў у справе дэмаркацыі марской мяжы. А гэтыя складанасьці, у сваю чаргу, будуць нэгатыўна ўплываць на перамовы адносна далучэньня Ўкраіны да Эўразьвязу.