РАСЕЙСКІ АМБАСАДАР АБВІНАВАЧВАЕ ДЗЯРЖАЎНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ СМІ Ў ПЕРАДУЗЯТАСЬЦІ ДА РАСЕІ

Валер Каліноўскі, Менск

Як і на пачатку верасьня, прыезд у Менск некалькіх дзясяткаў расейскіх карэспандэнтаў арганізаваны і аплачаны беларускім урадам. Аднак адрозна ад папярэдняга дэсанту расейскіх журналістаў, цяпер прэсавай канфэрэнцыі А.Лукашэнкі для іх не заплянавана. Затое прадстаўнікі расейскіх мэдыяў наведаюць памежны пераход “Каменны лог” і пабачаць вайсковыя манэўры “Чыстае неба”.

Сёньня расейскія журналісты сустракаліся з высокімі беларускімі чыноўнікамі: міністрам інфармацыі У.Русакевічам, намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі А.Праляскоўскім ды амбасадарам Расеі А.Блахіным. Журналісты хацелі пачуць паболей фактаў, лічбаў, але так і не атрымалі іх. Карэспандэнтка “Литературной газеты” Натальля Ранетава на гэты конт зазначыла, што яны прыехалі “дапамагаць саюзу, а пачулі справаздачы чыноўнікаў”.

Але найбольш спрэчак узьнікла вакол адзінай інфармацыйнай прасторы Беларусі й Расеі. На думку расейскага амбасадара ў Беларусі Аляксандра Блахіна, у гэтай сфэры назіраецца адкат, абмежаваньне вяшчаньня расейскіх мэдыяў у Беларусі. У прыватнасьці, называлі закрыцьцё вяшчаньня на Беларусь радыёстанцыяў “Маяк”, “Юность”, спыненьне трансьляцыі тэлеканалу “Культура” з 18 кастрычніка.

Міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Русакевіч на гэта адказаў, што “Беларусь стала сувэрэннай дзяржавай і павінна наладжваць уласную інфармацыйную прастору, каб даносіць насельніцтву інфармацыю пра ўнутраную і зьнешнюю палітыку”.

(Русакевіч: ) “Трэба жыць як братам, а гандлявацца як жыдам. Жыды па-беларуску — гэта габрэі. Гэта народная прымаўка. І гэта павінна быць пакладзена ва ўсе прынцыпы дачыненьняў, і мы да гэтага цяпер прыйшлі і ў эканоміцы”.

Прадстаўнікі беларускага ўраду шмат разоў казалі пра неаб’ектыўнасьць расейскіх СМІ ў асьвятленьні беларускіх падзеяў.

Сёньня з аналягічнай заявай на адрас афіцыйных беларускіх СМІ выступіў расейскі амбасадар Аляксандар Блахін. У прыватнасьці, ён спасылаўся на перадачу “Постскрыптум” на БТ і на афіцыйную газэту “Советская Белоруссия” ды іншыя дзяржаўныя СМІ, якія, паводле ягоных словаў, палохаюць грамадзтва небясьпекай страты сувэрэнітэту, прыходам расейскага капіталу і крыміналу ды Чачэніяй.

(Блахін: ) “Нядаўна я сустрэўся з адным з заходніх калегаў, і ён мне зь вялікай доляй зьедлівасьці сказаў: я ўвесь час лічыў, нібыта заходнія дзяржавы лічацца тут амаль што ворагамі Беларусі. А пачытаеш беларускую прэсу, паглядзіш тэлебачаньне — і пабачыш, што галоўным ворагам Беларусі зьяўляецца Расея”.

Гэтак расейскі амбасадар Блахін працытаваў амбасадара адной з краінаў Заходняй Эўропы. Пры гэтым сам ён прызнаў, што падобнае адбываецца, у прыватнасьці, у публікацыях афіцыйнай “Советской Белоруссии”, дзе “некарэктна і неаб’ектыўна” апісваецца Расея і яе прэзыдэнт.