ПРАБЛЕМЫ СА ЗДАРОЎЕМ МОГУЦЬ БЫЦЬ ПАДСТАВАЙ ДЛЯ РАЗЬВІТАНЬНЯ ЧЫНОЎНІКАЎ ЗЬ ДЗЯРЖАЎНАЙ СЛУЖБАЙ

Ігар Карней, Менск

На месцы чыноўнікаў, якіх комплексныя камісіі прызнаюць нядзеяздольнымі, будзе абвешчаны конкурс на замяшчэньне вакантных пасадаў.

Сьпіс хваробаў, зь якімі доступ да высокага кіраваньня зачынены, істотна пашыраны. Калі дагэтуль гаворка ішла выключна пра псыхічныя і псыхаматычныя хваробы, то зацьверджаны цяпер пералік уключае стабільныя нэўрозы, астмы, язвы, ракавыя захворваньні, наркатычную і алькагольную залежнасьць. Сур’ёзнай перашкодай стануць інваліднасьці розных групаў, бо дзяржаўны чыноўнік павінен быць эталёнам здаровага чалавека. Вось якога меркаваньня трымаецца кіраўнік упраўленьня аховы здароўя Савету міністраў Міхаіл Крага:

(Крага: ) “Зацьверджаны цэлы пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць займаць пасаду на дзяржслужбе. Я далёкі ад думкі, што цяпер хтосьці ёсьць на дяржаўных пасадах з такімі захворваньнямі. Калі выпадкі будуць, натуральна, што чалавека трэба выводзіць з такой пасады. Але каб да такога не дайшло, рэгулярна будуць праходзіць паглыбленыя абсьледаваньні дзяржаўнай асобы. Калі паставяць дыягназ зь пераліку захворваньняў, натуральна, будзе дадзенае заключэньне: ён непрыдатны да дзяржслужбы. На іншую службу — калі ласка, але дзяржаўную пасаду займаць права ня мае. Бо чалавек, як кажуць, на “гасударавай службе”.

Спадар Крага запэўнівае, што пакуль яшчэ не было выпадкаў, каб чалавека “папрасілі” з высокай пасады з тае прычыны, што ён не адпавядае крытэрам здароўя. Без уліку, натуральна, сыходу паводле пэнсійнага ўзросту, бо ў такім разе любы можа “пахваліцца” цэлым букетам захворваньняў.

Як стасуюцца новыя патрабаваньні з правам чалавека на працу? Камэнтуе юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Гэта трэба разглядаць у адным рэчышчы з апошнімі рашэньнямі аб абавязковым страхаваньні службоўцаў. Зь юрыдычнага гледзішча — чаму менавіта такі пералік хваробаў не дае магчымасьці знаходзіцца на дяржаўнай службе — ня вельмі лягічны. Бо калі браць супрацоўнікаў міліцыі, іншых сілавых органаў, гэта зразумела. А калі кажуць, што прычынай адмовы — нэўрозы ды хваробы, якія ў прынцыпе дазваляюць выконваць функцыі звычайным чыноўнікам, то збольшага незразумела. Аднак пэўную лёгіку прасачыць усё ж можна. Улады жадаюць, каб чыноўнікі былі ў парадку, каб яны сваім выглядам дэманстравалі ўсяму грамадзтву прыязнасьць да здаровага ладу жыцьця, што апошнім часам надзвычай моцна культывуецца”.

Аднак ня выключана, што па часе Саўмін усур’ёз зацікавіцца здароўем сваіх супрацоўнікаў. Галоўны саветнік упраўленьня арганізацыйна-кадравай працы Саўміну Аляксандар Жукавец кажа, што прыток новых кадраў дзяржаўным ведамствам не пашкодзіць.

(Жукавец: ) “Пастанова Савету міністраў дзейнічае. Але ў нас у Саўміне вакансіяў практычна няма. А ўсе астатнія дзяржорганы пастанову атрымалі і цяпер мусяць карэктаваць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці зь ёй”.

Дарэчы, перашкодай да дзяржаўнай службы будзе ня толькі стан здароўя, але і блізкае сваяцтва зь дзяржаўнымі службоўцамі, калі іхная дзейнасьць зьвязаная зь непасрэднай падначаленасьцю ці падкантрольнасьцю аднаго другому.