Я апытаў каля дваццаці чалавек. І вось якія атрымаў адказы:
(Дзяўчына: ) “Не, не гарантуюць. Ні ў друку, нідзе. Мы ня можам набыць ніякіх газэтаў — акрамя дазволеных. Напрыклад, апазыцыйныя выданьні забароненыя”.
(Іншая: ) “Так, я таксама так лічу. Нельга казаць аб свабодзе слова, калі людзі ня могуць набыць не дазволеныя ўладай выданьні”.
(Дзяўчына: ) “Ёсьць пэўныя рамкі, якія забараняюць друкаваць”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што не гарантуюць. У любым выпадку, усё, што выходзіць у нас у эфір, правяраецца ўладамі. Некаторыя артыкулы, рэпартажы маюць сумныя наступствы для журналістаў”.
(Хлопец: ) “Я думаю, што ня ўсе сродкі масавай інфармацыі могуць выдаваць свае думкі, публікаваць рэпартажы”.
(Спадар: ) “Няма свабоды для сродкаў масавай інфармацыі — няма й ня будзе”.
(Спадар: ) “Я думаю, што не гарантуюць”.
(Хлопец: ) “Не, таму што многія сродкі масавай інфармацыі закрываюцца з палітычных матываў. Адбываецца палітычна матываваны ўціск журналістаў. Вядомыя справы Паўла Шарамета й Зьмітра Завадзкага. Маё ўражаньне — у нас не забясьпечваецца свабода СМІ”.
(Спадарыня: ) “Я лічу, што не, бо тыя, хто наверсе, не даюць свабоды”.
(Хлопец: ) “Ня цалкам. Расейскія СМІ больш зразумелыя, зручныя. Іх цікавей глядзець за беларускія”.
(Дзяўчына: ) “Думаю, што не. Бо ні тэлебачаньне, ні газэты ня могуць вольна выказваць сваіх думак. Усё адбываецца пад кантролем ураду й дзяржавы”.
(Спадарыня: ) “Уся інфармацыя, што падаецца праз радыё і тэлебачаньне — занадта прыгожая й непраўдзівая”.
(Хлопец: ) “Не гарантуюць. Закрываецца шмат беларускіх газэтаў, з гэтым трэба нешта рабіць”.
Гэтак мяркуюць людзі. І толькі два чалавекі лічаць, што свабода СМІ ў Беларусі ёсьць:
(Спадар: ) “Мне здаецца, што гарантуюць. Бо ёсьць газэты, і ў іх пішуць усё пра ўсё”.
(Дзяўчына: ) “Гарантуюць. Газэты друкуюць тое, што хочуць”.