ЯКІЯ ТРАДЫЦЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА ПАВІННА ПЕРАНЯЦЬ СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ ІДЭАЛЁГІЯ?

Альгерд Невяроўскі, Менск

Я задаваў гэтае пытаньне некалькім дзясяткам студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага, філялягічнага і філязофска-эканамічнага факультэтаў БДУ. І вось якія атрымаў адказы:

(Дзяўчына: ) “Гэта цяжка — у старыя мяхі наліваць новае віно, але, можа, нешта з арганізацыі кіраваньня”.

(Хлопец: ) “Герб і сьцяг”.

(Дзяўчына: ) “Гэта літаратурная беларуская мова, па-другое, гэта стаўленьне да каштоўнасьцяў беларускай мовы й культуры. І традыцыі дзяржаўнасьці”.

(Выкладчыца: ) “Найперш традыцыі парлямэнтарызму, прадстаўніцтва ў вышэйшых органах улады рэальных жыхароў, насельніцтва, народу. Традыцыі культурнай самастойнасьці, шанаваньня сваёй нацыянальнай адметнасьці”.

(Хлопец: ) “Безумоўна, трэба пераняць беларускую мову, распаўсюдзіць яе ў справаводзтве і наогул зрабіць яе галоўнай у дзяржаве. Ну й таксама нядрэнна было б, каб пашырылася тэрыторыя коштам тых земляў, якія раней належалі да Вялікага Княства Літоўскага”.

(Хлопец: ) “Для Вялікага Княства Літоўскага былі характэрныя памяркоўнасьць і гуманізм. І гэта ў нашай дзяржаве найбольш патрэбна. Каб пашырылася сьвядомасьць, каб мы самі сталі сябе лепш разумець і ўсьведамляць як беларусаў”.

(Хлопец: ) “Мне здаецца, найперш гэта самасьвядомасьць. Бо ў ВКЛ сьвядомасьць, патрыятызм, прыналежнасьць да літвінаў — гэта заўсёды было на высокім узроўні. І разуменьне гэтага важнае, таму варта яго пераняць”.

(Два сябры: ) “Шанаваньне сваіх продкаў. Адна дзяржаўная беларуская мова. Рыцарскія турніры трэба праводзіць часьцей, каб памятаць сваю спадчыну”.

(Дзяўчына: ) “Гэта апора на дзяржаўнасьць і вялікія гуманістычныя прынцыпы, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прагрэсіўнасьць палітычнай думкі, якая панавала, і ўвага да дзяржаўнасьці”.

(Студэнтка: ) “Мы цяпер ідзем з Нацыянальнага музэю, дзе бачылі ўсю тую прыгажосьць, якая была створаная ў той час. Таму хацелася б той прыгажосьці й узьнёсласьці, якая засталася нам ад тых часоў”.

(Студэнт: ) “Сёньняшняя Беларусь — гэта сёньняшняя Беларусь. Таму ня варта нічога пераймаць зь Вялікага Княства Літоўскага. Трэба выпрацоўваць нейкія сучасныя традыцыі”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, гэта павага да бацькоў і свайго гістарычнага мінулага”.

(Хлопец: ) “Па-першае, гэта лад кіраваньня. Хацелася б аднавіць шляхецкія традыцыі, гонар, годнасьць. Талерантнасьць была й ёсьць, але мусіць быць у разумных межах. Бо нашая сёньняшняя талерантнасьць даходзіць да абыякавасьці. Талерантнасьць талерантнасьцю, але пра ворагаў не забываць і ставіцца да іх насьцярожана”.

(Выкладчык: ) “Відаць, больш дэмакратызму. Хаця гэта й існавала ў вузкім коле прывілеяванага шляхецкага стану. Дэмакратыя не пашыралася на ўсё насельніцтва Княства. Але дэмакратыі нам сёньня й не хапае”.

(Выкладчыца: ) “Самае страшэннае, што культуры не хапае. Калі будзе ў нас культура, то й перанясуцца ўсе традыцыі. А пакуль бескультур’е — самае страшнае, што маем”.

(Студэнт: ) “Адраджэньне беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці, гісторыі й культуры”.

Такія былі адказы студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржунівэрсытэту на пытаньне тыдня.