У аўторак увечары Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Крэмль толькі пасьля заканчэньня канцэрту майстроў мастацтва Беларусі ў канцэртнай залі “Расея”. Ягоная сустрэча з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным доўжылася амаль тры гадзіны — да апоўначы, пасьля чаго спадар Лукашэнка паляцеў назад у Менск. А раніцай у сераду адбылася яшчэ адна, гэтым разам тэлефонная размова кіраўнікоў Беларусі й Расеі. Натальля Пяткевіч, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, удакладніла:
(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт Расеі патэлефанаваў”.
Аднак у Крамлі адмовіліся пацьвердзіць сам факт гэтай тэлефоннай размовы.
(Супрацоўніца: ) “Так, Радыё Свабода, вы ведаеце, мы ня маем такой інфармацыі, што адбылася тэлефонная размова”.
Адзіны канкрэтны вынік маскоўскіх перамоваў — тое, што Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся сустрэцца яшчэ раз 14 кастрычніка, на паседжаньні Найвышэйшай дзяржаўнай рады саюзнае дзяржавы. Нагадаю, што гэтае паседжаньне плянавалася яшчэ на красавік, каб вызначыць лёс праекту канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.
Цяпер пра гэты акт у афіцыйным паведамленьні прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі ня згадваецца. Я запытаў ягоную прэсавую сакратарку Натальлю Пяткевіч, ці будзе абмяркоўвацца праект канстытуцыйнага акту.
(Пяткевіч: ) “Калі Саўмін яго ўнясе”.
Меўся на ўвазе Савет Міністраў саюзнай дзяржавы, які сабраўся на сваё паседжаньне 1 кастрычніка. Што да Найвышэйшай дзяржаўнай рады, дык яна заслухае інфармацыю пра выкананьне саюзнага бюджэту сёлета, яго праект наступнага году, а таксама шэраг важных пытаньняў разьвіцьця саюзу Беларусі й Расеі. За апошні час гэта будзе пятая размова Лукашэнкі з Пуціным, калі лічыць іхныя сустрэчы ў Сочы ды Ялце, а таксама падзеі апошніх сутак.
Паводле афіцыйнага Менску, спадар Пуцін высока ацаніў Дні Беларусі ў Маскве ды зазначыў, што гэткія шырокамаштабныя імпрэзы спрыяюць умацаваньню саюзных дачыненьняў. Ён і Аляксандар Лукашэнка абмеркавалі таксама эканамічныя пытаньні, а менавіта стварэньне супольных беларуска-расейскіх прадпрыемстваў і павелічэньне паставак у Беларусь энэрганосьбітаў: “Прэзыдэнты з задавальненьнем канстатавалі, што пасьля іхнай сустрэчы ў Сочы суб’ектам гаспадараньня дзьвюх краін удалося знайсьці прымальныя варыянты цэнавай палітыкі, у тым ліку на энэргарэсурсы”.
Прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі дадае да гэтага, што павялічыліся аб’ёмы паставак нафты і газу ў Эўропу празь Беларусь.