БЫЛЫ ДЫРЭКТАР МТЗ АБВІНАВАЦІЎ СЬЛЕДЧЫХ ПРАКУРАТУРЫ Ў ФАЛЬШАВАНЬНІ ДАКУМЭНТАЎ НЯМЕЦКАГА “КАМЭРЦБАНКУ”

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Набліжаецца да заканчэньня працэс над былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым. Шмат пытаньняў у судзьдзяў узьнікла наконт таго, ці сапраўды Міхаіл Лявонаў меў на грашовых рахунках за мяжой 17 мільёнаў даляраў.

1 кастрычніка суд якраз пачаў вывучаць фінансавыя дакумэнты, паводле якіх М.Лявонаў у 2000 годзе ад крыўна сваё імя рахунак у адным зь люксэмбургскіх аддзяленьняў нямецкага “Камэрц Інтэрнацыяналь банку”, на які потым нібыта атрымаў ажно 17 мільёнаў даляраў.

Гэтыя дакумэнты былі перакладзеныя зь нямецкай мовы і нарэшце агалошаныя ў судовай залі, а Міхаіл Лявонаў іх патлумачыў. Аднак і безь ягоных тлумачэньняў былі заўважныя шматлікія супярэчнасьці ў гэтых паперах.

Вось некалькі прыкладаў. 22 жніўня 2000 году Міхаіл Лявонаў нібыта асабіста запоўніў банкаўскі блянк заявы аб адкрыцьці грашовага рахунку №2403624 у люксэмбургскае аддзяленьне нямецкага “Камэрцбанку”. Але чамусьці сваю асобу Лявонаў пацьвердзіў пашпартам савецкага ўзору, які быў у яго забраны наўзамен новага яшчэ за два гады да той даты. Подпіс на заяве ёсьць, і гэты подпіс падобны на арыгінал, пацьвердзіў суду Лявонаў, але абавязковай банкаўскай пячаткі і банкаўскіх рэквізытаў на дакумэнце няма.

Няма пячатак і рэквізытаў і на заявах Лявонава аб тым, што ён нібыта давярае распараджацца сваімі грашыма жонцы Алене і дачцы Вользе, і іхныя пашпартныя зьвесткі пераблытаныя.

Яшчэ важкі момант, на які зьвярнуў увагу судзьдзяў Міхаіл Лявонаў. Паводле дакумэнтаў атрымліваецца, што жонка і дачка павінны былі разам зь ім прыехаць у Люксэмбург, але яны там ніколі не былі. “Вольга з эўрапейскіх краінаў увогуле была толькі ў Баўгарыі, што лёгка праверыць па яе пашпарце”, — заявіў суду Міхаіл Лявонаў.

Ён сьцьвярджае, што і сам ніколі не прыяжджаў у княства Люксэмбург, а сьледзтва не падало доказаў, што 22 жніўня 2000 году ён быў там — ці хаця б у суседняй Нямеччыне. Таксама Лявонаў адзначыў, што ў матэрыялах справы не пазначана, адкуль узяліся дакумэнты, якія нібыта належаць “Камэрцбанку”. На гэта судзьдзя папрасіў Лявонава выказаць асабістую думку пра паходжаньне гэтых папераў. Міхаіл Лявонаў заявіў, што лічыць іх грубай фальшыўкай, зробленай, каб скампрамэтаваць яго і распачаць крымінальную справу.

Судзьдзя паабяцаў уважліва разабрацца з гэтымі дакумэнтамі, у тым ліку высьветліць іхнае паходжаньне. Чакаецца, што сапраўднасьць дакумэнтаў ацэняць экспэрты.