НОВЫ НАСТУП НА ЛІЦЭЙ

Любоў Лунёва, Менск

Ліцэісты прыйшлі раніцай у Дом літаратара на заняткі, якія дагэтуль праходзілі ў памяшканьні бібліятэкі. Але гэтым разам іх сустрэў вялізны замок на дзьвярах і аб’ява: “Рамонт”. Да таго ж, у будынку адключылі электрычнасьць.

Навучэнцы трэцяга курсу прыйшлі ў Чырвоны касьцёл на ўрок фізыкі, які мусіў быць у сутарэньні касьцёлу, але й там іх чакала непрыемнасьць. Загадчык гаспадаркі распавёў, што яму забаранілі пускаць дзяцей з Нацыянальнага ліцэю на заняткі.

Калектыў ліцэю абураны дзеяньнямі ўлады, якая нават пасьля ліквідацыі ліцэю перашкаджаюць ім працягваць навучаньне.

Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “З аднаго боку, напэўна, гэтага трэба было чакаць, з другога — не ўкладаецца нават у сьвядомасьці, як такое можна рабіць. Такімі сродкамі зрываць працэс навучаньня! Зноў паўтараецца тая ж мэтодыка. Хлусьня, як быццам бы робіцца рамонт, адключаюць электрычнасьць — абсалютна амаральныя хлусьлівыя падставы дзеля гэтых амаральных цёмных справаў”.

Навучэнцы цяпер вымушаныя хадзіць на заняткі ў іншыя месцы, але гэта іх не абцяжарвае. Студэнт чацьвертага курсу Павал Котаў распавёў:

(Павал: ) “Цяпер нам даводзіцца вучыцца ў вельмі складаных умовах, калі нават ня ведаеш, дзе адбудзецца наступны ўрок. Акрамя таго, нам патрэбна паступаць, рыхтавацца да экзамэнаў, хадзіць на розныя курсы. Цяжэй за ўсё адчуваць тое, што тым, хто цяпер наверсе стаяць, што ты ім такі, які ты ёсьць, са сваімі думкамі, са сваімі ідэямі — не патрэбны. Але Беларусь гэта мая краіна, такая ж, як і іх. Зьмяніць сябе і здрадзіць сваёй Радзіме яны мяне не прымусяць”.

Бацькі ліцэістаў вырашылі выкарыстоўваць у такіх умовах усе сродкі, каб даць магчымасьць сваім дзецям атрымаць адукацыю менавіта ў гэтым ліцэі.

Вось як гэта пракамэнтаваў сябра бацькоўскай рады Алесь Замкевіч:

(Замкевіч: ) “Мы лічым, што гэта натуральнае злачынства супраць нашых дзяцей. Не даваць ім хаця бы ў гэтых умовах спакойна займацца! Я лічу, што ўлада сама забірае магчымасьць цывілізацыйнага легальнага дыялёгу для вырашэньня пытаньня. У такіх умовах нам дазволена рабіць усё: усе меры, якія мы палічым неабходнымі. І мы пойдзем на ўсё”.

А шостай вечара калектыў ліцэю плянуе сход, дзе вырашаць, як дзейнічаць у новых неспрыяльных умовах.