У МЕНСКУ ЎТВОРАНАЯ НОВАЯ ПІСЬМЕНЬНІЦКАЯ СТРУКТУРА

Валянціна Аксак, Менск

Дзея адбывалася ў працоўным кабінэце кіраўнічкі створанай летась дзяржаўнае рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы “Літаратура і мастацтва” (гэтак званага голдынгу) Таісы Бондар. У ёй бралі ўдзел літаратары, якія зьяўляюцца супрацоўнікамі дзяржаўных літаратурна-мастацкіх выданьняў, што ўваходзяць у гэтую структуру. Усяго крыху больш за дваццаць асобаў.

Сход, які вяла сама спадарыня Бондар і на які прэса не была дапушчаная, прайшоў вельмі хутка. Хвілінаў праз дваццаць пасьля пачатку ён завершыўся рашэньнем стварыць Саюз пісьменьнікаў Менску, за што прагаласавала, пры пяці ўстрымаўшыхся, бальшыня прысутных. Старшынём новае арганізацыі абралі намесьніка Таісы Бондар Паўла Вераб’ёва. У перапынках паміж сходамі найвышэйшае кіраўніцтва структурай будзе ажыцьцяўляць выканкам, склад якога, дарэчы, не выбіралі ўдзельнікі сходу, а ў які прызначыла спадарыня Бондар сябе, галоўных рэдактараў выданьняў і іхных намесьнікаў.

Вось як успрыняло новую структуру кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, гаворыць ягоны старшыня Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў глядзіць насьцярожана на такую практыку, бо, наколькі мне вядома, новае гарадзкое грамадзкае аб’яднаньне будзе мець назву Саюз пісьменьнікаў Менску. У сталіцы Беларусі жывуць каля чатырох сотняў пісьменьнікаў. Сабрацца два-тры дзясяткі, не спытаўшы думкі чатырох сотняў, і абвясьціць сябе Саюзам пісьменьнікаў Менску — гэта, на думку кіраўніцтва Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, маральна няправільна. Пра юрыдычны бок мы яшчэ будзем кансультавацца”.

На сход новае арганізацыі не запрасілі нікога староньняга, нават такіх асобаў як народныя пісьменьнікі Іван Навуменка ды Іван Шамякін. Што сьведчыць, на думку спадара Пашкевіча, пра мэты новай структуры.

(Пашкевіч: ) “Я асабіста думаю, што ствараецца такая структура, каб мець магчымасьць некаму сядзець у крэсьле ці мець гучныя візытоўкі”.

Паводле ўдзельнікаў сходу, спадарыня Бондар гэтага не хавала. Яна казала, што менскія гарадзкія ўлады абяцалі цераз утвораную структуру фінансавую падтрымку выданьням гэтак званага голдынгу “Літаратура і мастацтва”. Бо цяпер ім не хапае нават тых 75% выдавецкіх затратаў, якія дзяржава выдаткоўвае празь Міністэрства інфармацыі.

Адразу пасьля сходу спадарыня Бондар з пратаколам мерапрыемства і праектам статуту новае структуры паехала ў гарвыканкам.