Тэма рытуальных паслугаў мае пэўныя табу, бо зьвязаная з сумнымі падзеямі. І грамадзкі скепсыс да бізнэсу, які грунтуецца на няшчасьці іншых, дагэтуль перашкаджаў сфэры разьвівацца гэтак жа імкліва, як на Захадзе. Але цяпер шмат хто ў Беларусі робіць на пахаваньнях, альтэрнатыўных дзяржаўным камбінатам камунальна-бытавых паслугаў, пасьпяховы бізнэс. Стаўленьне да непазьбежнага біялягічнага працэсу паступова зьмяняецца, і галоўнай мэтай магілёўскай выставы было не спачуваньне ўсяму чалавецтву, якое, як ні круці, рухаецца ў адным кірунку — на могілкі, а ў нейкім сэнсе лабіяваньне мэркантыльных інтарэсаў бізнэсу.
Гэтую мэту сфармулявала кіраўніца адной зь віцебскіх пахавальных фірмаў: “Вызначыць, хто, дзе і як далёка на пасьлясавецкай прасторы ў гэтай справе апярэдзіў супернікаў”.
Адзін мой знаёмы, які ўскосна мае дачыненьне да прыватнай пахавальнай канторы, выказаўся так: хлеб і труна — гэта тое, на што ёсьць попыт кожны дзень. І гэта недалёка ад ісьціны: штогоду натуральнай сьмерцю ў Беларусі памірае больш за 60 тысяч чалавек, ня лічачы трагічныя сыходаў у выніку аўтааварыяў, пажараў, сьмяротных выпадкаў на вытворчасьці. Агулам — у сярэднім 200 чалавек на дзень. Таму пахавальны бізнэс — адзін з самых стабільных.
Іншая справа, што з маральнага гледзішча, унутраных адметнасьцяў, характару займацца ім можа ня кожны. Але прыбыткі тут адны з самых высокіх у краіне. Цешча майго армейскага сябра — бугальтарка ў фірме рытуальных паслугаў. Фірма працьвятае, заробак супрацоўнікаў каля 500 даляраў, на дні нараджэньняў адзін аднаму тут дораць відэакамэры, мікрахвалёўкі і іншае.
Дый дастаткова разгарнуць любую рэклямную газэту альбо зірнуць на рэклямныя праспэкты ў транспарце — прапановы помнікаў на любы густ; катафалькі, музычнае суправаджэньне, гарнітуры для нябожчыкаў. Нарэшце, цэлыя акцыі, якія часам даходзяць да абсурду. Летась бачыў такую рэклямку: “Калядныя зьніжкі на гранітныя помнікі”. Адразу захацелася працягнуць лягічны шэраг: купіце два — трэці бясплатна.
Як бы там ні было, але можна толькі вітаць, што нарэшце цывілізацыя дасягнула і гэтай сфэры паслугаў. Кожны, каму давялося разьвітацца з блізкімі, напэўна, нядобрымі словамі згадвае савецкі час, калі спэцыялізаваныя камбінаты прапаноўвалі выключна труны з габляваных дошак і балотнага колеру плястыкавыя вянкі. Дый яшчэ не гарантыя, што ўсё гэта ёсьць у наяўнасьці — маўляў, нябожчыку сьпяшацца няма куды, давядзецца пачакаць. У той час катафалькі замянялі калгасныя машыны зь елкамі ў бартох альбо аўтобусы ПАЗ, у якіх жывым езьдзіць супрацьпаказана.
Цяпер сытуацыя прынцыпова іншая. Прыкладам, на форуме ў Магілёве супрацоўнікі беларускай фірмы з характэрнай назвай “Апошні шлях” канстатавалі: якасьць іхных трунаў адпавядае міжнародным стандартам. Эксклюзіўная прадукцыя — дубовая труна коштам 600 даляраў. Гэта, як кажуць аўтааматары, з базавай камплектацыяй. Але за дадатковыя грошы фірма бярэцца абсталяваць труну кіслароднымі падушкамі, падсьветкай, мабільным тэлефонам — зрэшты, пералік можа быць любы. І попыт на такія вырабы немалы, бо ў параўнаньні з замежнымі аналягамі кошт беларускай “капсулы” для апошняга падарожжа ў вечнасьць у 5–6 разоў таньнейшы.
Зноў жа, рушацца стэрэатыпы паездкі на могілкі ў дабітым аўтобусе ПАЗ (дарэчы, вельмі шмат выпадкаў, калі гэтыя аўтобусы ў дарозе ламаюцца і нябожчыка вымушаныя пераносіць ў нейкі дзяжурны транспарт). Цяпер катафалькі — гэта “Мэрсэдэс”, “Форд” ці “Вольва”. Такім чынам, прагрэс відавочны і, нягледзячы на досыць сур’ёзныя кошты, кожны мае права выбару.
Наўрад ці камэрцыйныя фірмы рытуальных паслугаў будуць занадта вялкімі канкурэнтамі камбінатам камунальна-бытавога абслугоўваньня: малазабясьпечаным людзям, асабліва пэнсіянэрам, падобныя прапановы не па кішэні. Але свой сэктар з традыцыйным памерам 2 на 2 камэрсанты ад пахаваньня трымаюць дастаткова моцна.