ЯН БУШ: “ДЗЕЯНЬНІ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ ЁСЬЦЬ АДКРЫТЫМ ВЫКЛІКАМ”

Ул. інф.

Як паведалі нашаму радыё ў нямецкай амбасадзе ў Менску, пад патранатам якой праходзіць сэмінар, афіцыйная рэакцыя нямецкага боку на дзеяньні беларускіх уладаў зараз рыхтуецца і хутчэй за ўсё будзе агучана заўтра. Тым часам чарговы дыпляматычны дэмарш Менску абмяркоўваецца ў Бэрліне.

Штэфан Кэмэрлінг ды ягоная суайчыньніца Кордула Драўтц, якая таксама мела намер браць удзел у сэмінары ў якасьці рэфэрэнткі, належаць да вядомай ў Беларусі арганізацыі маладых нямецкіх сацыялістаў – ЮЗАС. Менавіта аднаго зь лідараў гэтай арганізацыі ў фэдэральнай зямлі Паўноўчны Рэйн-Вестфалія ды таксама аўтара гэтага сумеснага праекту Яна Буша беларускія ўлады дэпартавалі месяц таму зь Менску. Ян Буш распавёў нашаму радыё, што адбылося ў пятніцу зь ягоным сябрам па ЮЗАСУ.

(Буш: ) “У аэрапорце Менск-2 Кэмэрлінга спыніў чалавек, які спрабаваў яму штосьці растлумачыць па-расейску. Але Кэмэрлінг не разумее расейскай мовы, размаўляе толькі па-нямецку і па-ангельску. Так працягвалася з паўгадзіны, пакуль другая рэферэнтка, Кордула Драўтц, не датэлефанавалася ў нямецкую амбасаду і ў аэрапорт не прыехалі яе прадстаўнікі разам зь перакладчыкам. Толькі тады ўдалося высьветліць сытуацыю.”

(Карэспандэнтка: ) “Паводле інфармацыі, якую мы маем, спадар Кэмэрлінг трапіў у нейкія чорныя спісы КГБ? Што гэта значыць?”

(Буш: ) “Мне гэта ніяк не зразумела. Але ведаю, што сярод сябраў ЮЗАСА ёсьць людзі, якія з-за сваёй партыйнай прыналежнасьці ня могуць трапіць у Беларусь. Чаму? Я думаю, што іх проста ня любіць ваш урад. Бо дакладна ў Менску так ніхто і не растлумачыў, чаму гэтыя людзі ня могуць ездзіць да вас.”

(Карэспандэнтка: ) “Што да вашай рэферэнткі спадарыні Драўтц, то яна быццам бы таксама належыць да гэтых чорных спісаў?”

(Буш: ) “Хто належыць да гэтых спісаў, мне невядома. Вы лепш зьвярніцеся да адпаведных беларускіх структураў – магчыма яны вам адкажуць. Але спадарыня Драўтц, як высьветлілася, таксама непажаданая асоба ў Беларусі. У суботу яна па ўласнай ініцытыве прыняла жаданьне пакінуць краіну, хоць ёй чамусьці было дазволена наведаць Беларусь. Дарэчы, раней, месяц таму Менск запэўніў Бэрлін, што рашэньне адносна мяне зьвязанае выключна з маёй пэрсонай. Маўляў, я парушыў нейкія беларускія законы. Было заўлена, што Менск быццам бы нічога ня мае супраць сэмінараў, двухбаковых дачыненьняў і гэтак далей. Усё зьвязана выключна з маёй пэрсонай...”

(Карэспандэнтка: ) “Аднак па тым, як разьвіваюцца падзеі, выглядае, што Менск пачаў рабіць наступ ня толькі на ЗША, але і Нямеччыну. Дагэтуль ФРН – адзіная з заходніх краінаў– была для Менску хіба чымсьці кшталту сьвятое каровы…”

(Буш: ) “Ведаеце, мяне гэта зьдзіўляе таксама. Сапраўды, стаўленьне Менску да Нямеччыны заўсёды было лепшым, чым да ЗША. Канцэпцыя нашых сэмінараў, якая была распрацаваная беларускім фондам Сапегі, нямецкім фондам Эбэрта, амбасадай ФРН, была адрознай. Мы працавалі на дыялёг паміж неўрадавымі арганізацыямі і ўладамі. На нашыя сэмінары мог прыйсьці кожны. І таму мяне зьдзіўляе, што наш стыль, які я як рэфэрэнт вызначыў як адкрыты дыялёг, выклікаў у беларускага кіраўніцтва такую рэакцыю. Гэта ўдар па твары, мушу сказаць. Мы моладзевая арганізацыі пры кіруючай Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны і гэты ўдар – адкрыты знак з боку афіцыйнага Менску”.