КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Пачнем з каляндарных датаў учорашняе нядзелі.

Учора ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень машынабудаўніка.

28 верасьня 1937 году савецкія карныя органы расстралялі беларускага драматурга, актора і рэжысэра, заснавальніка беларускага савецкага тэатру Ўладзіслава Галубка. Забойству не перашкодзіла нават тое, што Галубок быў самым першым народным артыстам Беларусі. Чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў тэатру, напісаў 40 п’ес і выхаваў вялікае мноства прафэсійных актораў, быў зьнішчаны паводле хлусьлівага абвінавачаньня ў палітычнай дзейнасьці.

28 верасьня 1939 году ў Маскве міністры замежных справаў СССР і Нямеччыны Молатаў і Рыбэнтроп падпісваюць “Нямецка-савецкую дамову аб дружбе і мяжы СССР і Нямеччыны”. Дамова прадугледжвала "аднаўленьне мiру i парадку" на тэрыторыi "былой Польскай дзяржавы". Быў таксама падпiсаны сакрэтны пратакол, паводле якога Лiтва ўключалася ў сфэру iнтарэсаў Савецкага Саюзу. Яшчэ адзін дадатковы пратакол прадугледжваў, што немцы з тэрыторыі СССР мусяць быць пераселеныя на захад, а беларусы і ўкраінцы, што апынуліся на нямецкай тэрыторыі, – на ўсход.

Учора адзначыў 65-я ўгодкі свайго нараджэньня беларускі палітык Мечыслаў Грыб, подпіс якога стаіць пад Канстытуцыяй незалежнае Беларусі. Мечыслаў Грыб паходзіць зь вёскі Савічы Дзятлаўскага раёну, зрабіў пасьпяховую міліцэйскую кар’еру – даслужыўся да годнасьці генэрала-лейтэнанта міліцыі. У 1994-м абраны старшынём Вярхоўнага Савету краіны. Сёньня ён – адзін з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада».

А яшчэ 28 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет кітайскі мысьляр Канфуцый, італьянскі мастак Мікелянджэла і француская акторка Брыджыт Бардо. Таксама ўчора споўнілася 200 гадоў францускаму пісьменьніку Праспэру Мэрымэ, аўтару славутай “Кармэн”, які ў сваіх творах апісаў і наш край.

Сёньня, 29 верасьня, беларускія каталікі традыцыйна ўшаноўваюць Міхала. “Калі на Міхала з поўначы вее – май на пагоду надзею”, – казалі нашыя продкі. Ясная ноч абяцала марозную зіму.

29 верасьня 1939 году была зьнішчаная адна з галоўных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. У Будслаўскім касьцёле Ўзьнясеньня Божае Маці атрад чырвонаармейцаў расстраляў зь вінтовак цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай. Гэты факт яскрава сьведчыць пра норавы новае ўлады на вызваленай ад палякаў тэрыторыі Заходняй Беларусі. Будслаўскі цудатворны абраз будзе адрэстаўраваны толькі ў 1991 годзе, калі адновіцца традыцыйнае гадавое сьвята ў ягоны гонар і гэтае сьвята зноў пачне зьбіраць многія тысячы пілігрымаў.

Сёньня спаўняецца 180 гадоў зь дня нараджэньня Ўладзіслава Сыракомлі, паэта і пісьменьніка, які ўсю сваю творчасьць прысьвяціў роднай Беларусі.