АНОНС СВАБОДЫ

Ул. інф.

“Паштовая скрынка 111”. 28 верасьня

На мінулым тыдні жыхары Беларусі ўбачылі новае аблічча дзяржаўнага тэлебачаньня. Галоўны зьмест абнаўленьня — у тым, што з праграмаў так званага “нацыянальнага” тэлеканалу амаль цалкам выцесьненая беларуская мова. У Менску цяпер тры агульнабеларускія тэлеканалы, і ўсе тры расейскамоўныя. Такое вось рэальнае “дзьвюхмоўе”, пад сьцягам якога ўлада ў 1996 годзе праводзіла рэфэрэндум, абяцаючы гарантаваць роўныя правы беларускай і расейскай моваў. Як ставяцца да моўнай палітыкі ўладаў слухачы Свабоды? Зь якімі прыкладамі дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы сутыкаюцца ў штодзённым жыцьці? Гэта — адна з тэмаў нашай пошты апошняга тыдня.

“Вольная студыя”. 28 верасьня

За два прамінулыя стагодзьдзі на Захадзе выдадзена больш за 4000 беларускіх кніг і манаграфічных выданьняў пра Беларусь. Беларускія эмігранты заснавалі 432 часопісы й газэты, якія выдаваліся ў многіх эўрапейскіх краінах, а таксама ў Аўстраліі ды абодвух Амэрыках. Да нядаўняга часу было няпроста арыентавацца ў гэтым неабсяжным моры беларускіх выданьняў, але зьявіўся “компас” — кніга Зоры й Вітаўта Кіпеляў “Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе”. Яе прэзэнтацыя прайшла ў менскім Доме літаратара. Адзін з аўтараў кнігі, Вітаўт Кіпель, і будзе госьцем Міхася Скоблы ў нядзельнай перадачы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”.

“Палітычная геаграфія”

Бадай упершыню у часе вандровак – у лідзкай вёсцы з казачным назовам Цацкі – наш карэспандэнт сустрэўся з прыкладам, так бы мовіць, адкрытай мафіёзнай барацьбы на сяле. Прадмет змаганьня – кантроль над скупкай грыбоў за бясцэнак у тамтэйшых жыхароў. Побач з Цацкамі – вёска Няцечы, колішні цэнтар Армі Краёвай на Лідчыне. Энкэвэдысты пасля вайны, кажуць, вывозілі ў Сібір ня толькі няцечанскіх акаўцаў, але і іх родных аж да трэцяга калена.