ЦІ ЗАСТАНЕЦЦА Ў МЕНСКУ ОФІС АБСЭ?

Уладзімер Глод, Менск

Спадарыня Сьміт падчас брыфінгу адзначыла, што, зь яе гледзішча, сярод розных палітычных сілаў Беларусі заўважная цікавасьць да праблемы Выбарчага кодэксу:

(Сьміт: ) “Існуюць жаданьне і інтарэс пэўнай колькасьці палітычных асобаў унесьці зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс да пачатку парлямэнцкіх выбараў, якія мусяць адбыцца ў наступным годзе. Натуральна, гэты працэс залежыць ад наяўнасьці палітычнай волі. Што да прызнаньня выбараў, дык тут неабходна ўлічыць шэраг умоваў, якія павінны быць выкананыя, каб выбары былі прызнаныя вольнымі й справядлівымі. Гэта перадусім такія, напрыклад, як датэрміновае галасаваньне, правы назіральнікаў за выбарамі, а таксама прысутнасьць і правы міжнародных назіральнікаў. І свабодны доступ да тых, хто мае права галасаваць у Беларусі”.

У гэтай сувязі спадарыня Сьміт згадала міжнародны сэмінар у справе выбарчага заканадаўства, які быў праведзены, у тым ліку і з дапамогай офісу, на гэтым тыдні ў Менску. Яна спадзяецца, што такія сустрэчы падштурхоўваюць розныя палітычныя сілы Беларусі да разуменьня неабходнасьці пераменаў.

Аднак апошнія дні некаторыя беларускія палітыкі пачалі казаць, што дзейнасьць менскага офісу, магчыма, скончыцца ўжо сёлета. Падстава — чуткі пра тое, што беларускія ўлады быццам бы паставілі перад супрацоўнікамі АБСЭ задачу: абавязкова завершыць усе сумесныя праекты да канца году. Я спытаўся ў прэсавага сакратара, наколькі такія чуткі адпавядаюць рэчаіснасьці і якія пэрспэктывы офісу?

Гайды Сьміт адказала, што, магчыма, такія размовы зьвязаныя з сустрэчай кіраўніка офісу амбасадара Гайкэна з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Сычовым:

(Сьміт: ) “Падчас сустрэчы намесьнік міністра папрасіў, каб мы падалі канчатковы сьпіс праектаў, а таксама была дамоўленасьць, што ўсе праекты завершацца сёлета. Што тычыцца пэрспэктываў дзейнасьці офісу, то перамовы на гэты конт заплянаваныя на кастрычнік-лістапад. У сьнежні мы ўжо будзем ведаць, ці будзе офіс дзейнічаць далей”.