ХТО СТВАРАЕ “ЛУКАМОЛ”: ІДЭАЛІСТЫ ЦІ КАР’ЕРЫСТЫ?

Аляксандар Уліцёнак, Менск

Раней агучвалася іншая лічба – 300 тысячаў. Хто ж займаецца арганізацыяй БРСМ’у? Чым кіруюцца новыя моладзевыя функцыянэры – ідэямі або меркаваньнямі кар’еры? Ці ўдаецца ім “рэкруціраваць” юнакоў і дзяўчат?

Па ўсім бачна: сёлетняя восень увойдзе ў гісторыю не чарговымі перамогамі ў бітве на бульбяных палетках, а – нябачным дагэтуль, тытанічным змаганьнем улады за галовы маладых. Колькасьць – найперш! Якасьць – апасьля... Вынікам такой, з дазволу сказаць, найноўшае калектывізацыі можа зьявіцца самая масавая на постсавецкае прасторы з часоў ВЛКСМ моладзевая супэрарганізацыя. Усевалад Янчэўскі адзін з тых, хто стаяў ля яе вытокаў і добра разумее, як цяжка агітаваць за БРСМ.

(Янчэўскі: ) “Многія сёньняшнія маладыя мала чаму вераць. І мала каму вераць. Захапіць ідэяй паганяць мячык таго, хто прывык жлукціць гарэлку, зусім няпроста. А такія ёсьць, іх, на жаль, нямала, асабліва ў маленькіх гарадох. Ну спыніся, ня пі гарэлку!”

Сапраўды, “зялёны зьмій” -– адзін зь найлепшых сяброў ня толькі студэнтаў, а нават сёньняшніх васьміклясьнікаў. Вось ім і прапануюць адумацца, ацаніць і захапіцца ідэямі БРСМ. Распавядае супрацоўніца Вілейскага райкаму Марыя Шуцько:

(Шуцько: ) “Гэта ў асноўным школьнікі. А яшчэ навучэнцы вучэльняў, тэхнікумаў. Вось такі ў асноўным склад. А каб дарослыя маладыя людзі былі ў арганізацыі, то такога не было б. Кожны быў бы заняты сваімі праблемамі”.

Тым ня менш маладыя здавён імкнуліся ды імкнуцца да абраду ініцыяцыі, які сьведчыць пра іхны ўваход у дарослае жыцьцё… І добрая грамадзкая арганізацыя сапраўды магла б стаць шмат для каго своеасаблівай школай сацыялізацыі асобы. На думку спадара Янчэўскага БРСМ якраз і прапануе юнацтву сапраўдную, вывераную праграму жыцьця.

(Янчэўскі: ) “Палітычная пазыцыя – гэта падтрымка палітыкі, праводзімай прэзыдэнтам, што вельмі важна”.

Усевалад разумее: каб зацягнуць моладзь у палітыку, неабходна асаблівае майстэрства.

(Янчэўскі: ) “Нармалёвая прапаганда – гэта калі кажуць проста, ясна, зразумела, як Дарэнка. Яго па рознаму з маральнага пункту гледзішча можна ацаніць, але прапагандыст ён клясны, адукаваны, як калісьці была сталінская прапаганда”.

Кожны мае права на ўласную ацэнку... У першага сакратара ЦК ЛКСМБ Зьміцера Яненкі і да прапагандысцкіх тэхналёгіяў, і да саміх “тэхнолягаў” БРСМ стаўленьне крытычнае.

(Яненка: ) “На мой погляд, людзі, якія прыходзяць працаваць у БРСМ, кіруюцца ў першую чаргу асабістымі інтарэсамі, кіруюць моладзевым рухам Беларусі беспрынцыпныя прыстасаванцы. Можна прывесьці прыклад Міхаіла Арды, які быў другім сакратаром БПСМ, а цяпер стаў першым сакратаром БРСМ. Калі другі чалавек у “патрыётаў” нічога ня мог зрабіць для той арганізацыі, але ўзначаліў іншую, то, на мой погляд, тут усё відавочна… Дзеля гэтага яны займаюцца прыпіскамі, хлусьнёй, што ня йдзе на карысьць беларускае моладзі”.

Моладзевыя рэзэрвы “вэртыкалі” ўзьніклі у 1997 годзе разам з БПСМ’ам Янчэўскага. Праект новай арганізацыі раскручваўся пад кідкім і выразным лёзунгам: “Моладзь з маладым прэзыдэнтам!” Але хоць на раскрутку “патрыётаў” пайшоў не адзін мільён даляраў, на прэзыдэнцкіх выбарах юнацтва прагаласавала ня так, як чакалася. Рэакцыя Лукашэнкі была імгненнай: Дзяржкамітэт па справах моладзі пераўтварылі ў дэпартамэнт міністэрства адукацыі, а БПСМ -– у БРСМ. Пад час гэтых пэратурбацыяў сёй-той згубіў сваю пасады, але наагул кадравы касьцяк ацалеў – таленавітых у краіне хапае, а вось з “ідэйна адданымі” праблемы... Таму імі не раскідваюцца.

(Янчэўскі: ) “Тое, пра што казаў прэзыдэнт – гэта каб моладзевыя арганізацыі ствараліся як “кузьні” новых кадраў, ажыцьцяўляецца. Навошта нашым грамадзянам кіраўнікі, якія невядома адкуль прыйшлі і невядома што ад іх чакаць?”

Так, першага сакратара гомельскага абкаму БПСМ Аляксандра Маціеўскага забралі начальнікам управы сацыяльнага разьвіцьця моладзевага Дэпартаменту, другому сакратару Алегу Цыльку далі працу ў арганізацыйна-кадравай управе аблвыканкаму... Іх цэняць, пакуль не даходзіць да бойкі за сапраўды “цёпленькае” месца. Вось што кажа жыхарка Сьветлагорску Натальля:

(Натальля: ) “Магчыма я памыляюся, але мне падаецца, што найбольшы кар’ерны ўзьлёт перажыў наш сакратар гаркаму БПСМ Косьця Пятроўскі. З БПСМ’у праз дэпутацтва ён адразу перабраўся ў крэсла старшыні гарадзкога Савету. Хто і як яго туды піхаў ці цягнуў, ня ведаю, але так было. Праўда, вылучэнцу БПСМ’у не пашанцавала. Калі раён і горад аб’ядналі ў адну адміністрацыйную адзінку і скасавалі гарсавет, Косьця вымушаны быў пайсьці на шэраговую працу. Пасада старшыні райсавету дасталася больш дасьведчанаму намэнклятуршчыку”.

Пэўны кар’ерны рост прыпаў і на долю Рэчыцкага сакратара БПСМ Віталя Атаманчука – вырас у намесьніка старшыні гарвыканкаму. Калі ж адміністрацыі ў Рэчыцы, як і ў Сьветлагорску, аб’ядналі, былы супрацоўнік КДБ і лідар “патрыётаў” Атаманчук застаўся кіраваць ідэалёгіяй. 17-гадовы Васіль узгадвае:

(Васіль: ) “Безумоўна, мне прозьвішча гэтае вядомае. Але болей я не магу нічога сказаць. Мне здаецца, яны дбаюць больш пра сваю кар’еру і не клапоцяцца пра праблемы моладзі”.

Гутарым са Зьміцерам Яненкам:

(Карэспандэнт: ) “Ці можа БРСМ і наагул беларуская моладзь стацца адным з трох кітоў – апірышчаў дзяржавы, тут я цытую Лукашэнку?”

(Яненка: ) “БРСМ ня зможа стаць такім апірышчам, тым кітом, што патрэбны ўладзе. Можа ў пэўнай ступені БРСМ будзе падтрыманая тымі моладзевымі лідарамі, якія маюць з гэтага грошы, але астатняя арганізацыя – не. На мой погляд, яны ўзялі ад савецкага камсамолу ўсё горшае, што было”.

(Карэспандэнт: ) “Якая тут прычына? Гэта ідзе ад традыцыяў апякунства дзяржавай – яны адчуваюць сябе, што называецца, праваднымі рамянямі?”

(Яненка: ) “Гэта так, бо арганізацыя знаходзіцца пад уладай, і ў яе няма інашага шляху, каб дзейнічаць самастойна. Як дзейнічае сёньня “вэртыкаль”, дзе шмат пабудавана на хлусьні, прыпісках, фальшаваньнях, так дзейнічае і БРСМ”.

Вось апошні яскравы прыклад гэткага зьвязку: губэрнатар Гародзенскай вобласьці Ўладзімер Саўчанка днямі выдаў адмысловы пратакол аб далейшым узмацненьні падтрымкі БРСМ. Паўсюдна ў арганізацыях і на прадпрыемствах мусяць “добраахвотна-прымусовым” шляхам папаўняць ягоныя шэрагі, адзін з намесьнікаў кіраўніка абавязкова назначаецца куратарам навастворанай “пярвічкі”.

Прафсаюзы забілі трывогу: наступны крок усьлед за гэтым – фінансаваньне за кошт рабочых. У Расеі й на Ўкраіне такога няма. Там іншае: мноства самых розных моладзевых арганізацыяў, якія самі шукаюць грошы, падтрымліваюць таго палітыка, які ім падабаецца.

(Янчэўскі: ) “Мы шмат езьдзілі па расейскіх рэгіёнах, і паўсюль нам адкрыта зайздросьцілі, казалі: у нас такога няма, няма падтрымкі з боку дзяржавы. І, уласна, нічога не зьмянілася: нядаўна быў візыт Расейскага саюзу моладзі, дык па іхных водгуках у нас адраджаюць лепшае, што было ў камсамоле, а тамака такога няма. Хай не крыўдуюць, аднак, у іх моладзевы рух на парадак ніжэйшы, яны ў гэтым адстаюць. У Расеі пераважная большасьць, як я разумею, проста робяць грошы, гэта найперш бізнэс. У іх гэта не на ідэйнай аснове будуецца, а на каньюнктурнай”.

Былая настаўніца Марыя Шуцько, якая ўзначаліла Вілейскі райкам БРСМ, сьцьвярджае, што новая справа ёй падабаецца: у параўнаньні са школай пашырыліся магчымасьці выявіць сябе:

(Шуцько: ) “Мы ў гэтую арганізацыю ўступілі ў красавіку. Нас было няшмат, можа чалавек трыццаць, але мы пасьпелі і павыступаць, і паездзіць. Можа ў нейкіх школах гэта бывае фармальна, але ў нас было цікава. Вось гэта мне падабаецца і таму прыйшла сюды”.

Ці ёсьць нейкія нэгатыўныя ўражаньні?

(Шуцько: ) “Усё ж такі ставяць задачы нерэальныя. Тое, што выканаць у дадзены момант мы ня можам. Цяжкасьці ўсе ў фінансаванні – у грошах. Усе праграмы, якія мы рэалізоўваем, мы рэалізоўваем з кім-небудзь”.

Дарэчы, у Расеі фінансаваньне моладзевых арганізацыяў нярэдка адбываецца праз замежныя гранты. Напрыклад, РСМ, зь якім у БРСМа афіцыйныя стасункі, атрымліваў грошы ад Фонду Сораса і амэрыканскага агенцтва IREX – у Беларусі, як вядома, абедзьве гэтыя структуры ўважаюцца за ідэалягічных дывэрсантаў.

Наступная распаўсюджаная крыніца матэрыяльнага сілкаваньня там дапамога не прадпрыемстваў, як патрабуе гарадзенскі губэрнатар, а нейкіх выбітных людзей: бізнэсоўцаў, палітыкаў. Зь гледзішча беларускае “вэртыкалі” гэта ўжо прыватызацыя грамадзкіх арганізацыяў... Таму – стоп машына! Зьміцер Яненка лічыць такі падыход уладаў глупствам.

(Яненка: ) “Калі чалавек аддае свае грошы альбо аказвае спонсарскую дапамогу арганізацыі самастойна, не па загадзе, не таму, напрыклад, што яму патэлефанавалі з адміністрацыі – трэба даць столькі вось мільёнаў, а калі гэта робіцца добраахвотна, ад душы, то гэта добра”.

Яненка – у апазыцыі. Але ж і шэраговыя правінцыйныя кіраўнікі БРСМ разважаюць нярэдка гэтаксама. Зусім невыпадкова першы сакратар Барысаўскага гаркаму Сьвятлана Ўласава зайздросьціць расейскім калегам.

(Уласава: ) “У іх ёсьць партыі. У кожнай партыі сваё моладзевае крыло, якое падтрымлівае лінію гэтай партыі і якое падтрымліваецца гэтай партыяй і гэтымі дарослымі кіраўнікамі, бо яны больш разумеюць у жыцьці, чым моладзь”.

Адпаведна, там ёсьць мажлівасьць партыйнае кар’еры, а тут іншае – бюракратычны рост у “вэртыкалі”. Хоць маладых цікавіць нярэдка якраз сталеньне ў палітыцы. І не заўсёды на карысьць кіруючай партыі. Аднак у беларускіх рэаліях іншадумства недапушчальнае. Так, па вэрсіі спадара Янчэўскага, Міхаіл Арда прыняў прапанову ўзначаліць БРСМ менавіта з-за найвышэйшых ідэйных перакананьняў, бо пры ранейшым кіраўніку арганізацыя ўскосна кантактавала – падумаць толькі! – з “Маладым Фронтам”, тым жа апазыцыйным ЛКСМБ:

(Янчэўскі: ) “Ён узваліў на сябе адказнасьць, бо палітычная арганізацыя павінна быць абсалютна выразнай: у падтрымку прэзыдэнта. У мяне проста ў галаве ня ўкладваецца, як БРСМ наагул можа весьці хоць нейкі дыялёг з тымі, хто выступае супраць прэзыдэнта! Ніхто ня ведае, што такое “Зубр”, што такое апазыцыя! Мне Севярынца шкада. Хай за яго пасядзяць тыя, хто заграбастаў грошы! Хай Паша займаецца геаграфіяй! Ідэі, якія ён нясе, ніколі ў Беларусі не ажыцьцявяцца – ён ня ў тую краіну трапіў!”

Гутарым зь лідарам ЛКСМБ Зьміцерам Яненка:

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць такое цынічнае меркаваньне: разумныя людзі становяцца сёньня сябрамі моладзевых, або ўжо сталых палітычных арганізацыяў, структураў дзеля далейшых уласных палітычных кар’ераў.”

(Яненка: ) “Так. На жаль, гэта так.”

(Карэспандэнт: ) “Як гэта можна суаднесьці з БРСМ’ам?”

(Яненка: ) “Гэта на сто адсоткаў падыходзіць да яго. Ведаю многіх, хто спачатку працаваў ў БПСМ’е, а цяпер тут. І галаву ім сьвідруе адзіная толькі думка – наступны крок гэта ўлада”.

А вось меркаваньне першага сакратара Вілейскага гаркаму Марыі Шуцько:

(Шуцько: ) “Тыя, хто даў рады сябе зарэкамендаваць, здолеў сябе паказаць і нешта зрабіць карыснае, яны, як правіла, заўважаюцца і звычайна атрымліваюць нейкія пасады і могуць чагосьці дасягнуць у жыцьці. Ёсьць такая магчымасьць. Хаця б на ўзроўні свайго раёну. У нас быў першым сакратаром БПСМ у Вілейцы Вайда Віталь, які цяпер працуе загадчыкам аддзелу па фізкультуры і спорце райвыканкаму”.

Некаму гэта можа падацца несур’ёзным. Але ж тут усяго пачатак! І калі маладыя разумна паводзяць сябе, то хто ведае, кім ім наканавана стаць заўтра? Галоўны ўрок школы выхаваньня праз БРСМ – быць адданым! Як мінімум звонку. Зразумела каму... І – дзеля чаго! Пры гэтым пажадана ня дужа задумвацца над жыцьцёвымі рэаліямі.

(Янчэўскі: ) “Усе байкі пра грошы і нібыта камэрцыю, якія ёсьць у БПСМ, а цяпер і ў БРСМ, гэта поўная лухта! Многія людзі пераходзілі да нас з большай пасады на ніжэйшую, гублялі ў заробках… Ну проста дзясяткі, сотні такіх выпадкаў памятаю! Яны ідуць, бо ім цікава. Магчыма, у добрым сэнсе слова яны й для сябе бачаць у гэтым пэрспэктыву: прыйшлі, пакіравалі, паказалі сябе і недзе іх заўважылі, і яны пайшлі вышэй. Тыя, хто палівалі нас брудам, падманвалі. А маніць нельга. Бо калі хлусіш, людзі ману адчуваюць. Як гэта ні дзіўна… Але – не разумеюць! Ніхто не разумее… Ня хочуць разумець…”

А мажліва якраз наадварот – усё шмат каму зразумелае, таму й не ўдаецца агулам загнаць маладых у БРСМ. Ані гвалтам, ані пагрозамі, ані падачкамі, ані хабарам у выглядзе бясплатнага інтэрнату, незаслужаных адзнак на іспытах, дробнымі, затое шматлікімі дысконтнымі зьніжкамі... Бо гэта і ёсьць усіх зьневажаючы падман. А маніць, цытую, нельга. Бо калі хлусіш столькі, людзі, як ні дзіўна, пачынуюць ману распазнаваць.