Навуковая рада вырашыла стварыць камісію на чале зь першым прарэктарам БДУ Алегам Яноўскім. Камісія павінна цягам месяца вызначыць кірункі дзейнасьці новага факультэту і падрыхтаваць неабходныя дакумэнты. Навукоўцы пастанавілі захаваць права студэнтаў пераводзіцца на іншыя гуманітарныя факультэты БДУ.
Удзельнікі паседжаньня казалі, што законных падставаў для ліквідацыі інстытуту ў Міністэрства адукацыі няма, таму рашэньне навуковай рады ёсьць дэманстрацыяй імкненьня да супрацоўніцтва і кампрамісу дзеля захаваньня навучальнай установы.
Вучоны сакратар Мікалай Юрчук так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:
(Юрчук: ) “Я лічу, што рашэньне, якое прыняла навуковая рада, адпавядае інтарэсам — і нашым, і вашым, як кажуць. Вядома, кампраміс бадай галоўнае ў жыцьці чалавека і грамадзтва. Трэба захаваць тое, што стварыў інстытут, тое, што ён мае, а назва — гэта ня першачарговае”.
Невядома, ці пойдзе на гэты кампраміс Міністэрства адукацыі. Намесьнік міністра Аляксандар Жук, якога абралі ў камісію, адмовіўся даць камэнтар на гэты конт Радыё Свабода.
Калі прасачыць храналёгію падзеяў у інстытутце ад сакавіка да верасьня, то загад аб ліквідацыі не выглядае нечаканым. Цягам сакавіка і красавіка рэктар Тэхнічнага ўнівэрсытэту прафэсар Хрусталёў ініцыяваў кампанію з мэтай забараніць падрыхтоўку архітэктараў у Міжнародным гуманітарным інстытуце. Кіраўніцтва БДУ нават рабіла адпаведныя запыты ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, у Міністэрства адукацыі, а таксама да міжнародных экспэртаў — і атрымала станоўчыя водгукі. Але потым Міністэрства адукацыі забараніла падрыхтоўку архітэктараў у гэтым інстытуце.
У чэрвені мітрапаліт Слуцкі і Менскі Філарэт зьвярнуўся да рэктара БДУ Аляксандра Казуліна з заклапочанасьцю наконт праграмаў у галіне юдаікі і шматлікасьці выкладчыкаў габрэйскай нацыянальнасьці ў інстытуце. Летам рэктар БДУ некалькі разоў атрымліваў пярэчаньні з боку ўрадавых колаў наконт разьвіцьця міжнароднай праграмы па юдаіцы і габрэйскай цывілізацыі, а таксама некаторых міжнародных акадэмічных праграмаў.
Нарэшце было пастаўленае пытаньне: ці патрэбныя такія праграмы і, увогуле, гэты інстытут? Пасьля таго, як стала вядома, што замежныя інвэстары прафінансуюць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу інстытуту на праспэкце Машэрава ў Менску, а таксама дадуць сродкі БДУ на будаўніцтва новага корпусу, інтэрнату для студэнтаў і на сацыяльную сфэру — паступіў загад аб ліквідацыі інстытуту.
Дырэктар прадстаўніцтва “Аб’яднаньня камітэтаў у падтрымку габрэяў былога СССР” Якаў Басін лічыць ліквідацыю інстытуту праявай этнічнай непрыязнасьці і імкненьнем згарнуць міжнародныя праграмы, у якіх задзейнічаныя вядомыя замежныя прафэсары.
(Басін: ) “Асабіста для мяне гэта крызыс нацыянальнай адукацыі. Адзіная форма нацыянальнай габрэйскай адукацыі ў Беларусі, якая адрадзілася празь дзесяцігодзьдзі пасьля разбурэньня ў 1920-я гады, сёньня зноў пад пагрозай. Для габрэйскай нацыянальнай меншасьці такая сытуацыя вельмі драматычная. Магчыма, тут ёсьць і фактар помсты за тое, што Беларусь паставілі ў шэраг такіх краінаў як Зымбабвэ, дзе амаль няма габрэйскага насельніцтва. Я маю на ўвазе закрыцьцё ізраільскай амбасады. Канечне, для дзяржавы, якая адыгрывае сур’ёзную ролю ў міжнародным жыцьці, якая мае вялікае геапалітычнае значэньне, гэта ганебны момант”.
На час перамоваў паміж БДУ і Міністэрствам адукацыі навучаньне ў Міжнародным гуманітарным інстытуце будзе працягвацца.