Я апытаў нямала людзей, якім задаваў адзінае пытаньне: “Як вы ставіцеся да таго, што з новага тэлесэзону з эфіру БТ амаль цалкам зьніклі беларускамоўныя праграмы?” І вось якія атрымаў адказы:
(Дзяўчына: ) “Пэўна адмоўна. Мова павінна быць, бо мы ж жывем у Беларусі. Трэба аднаўляць беларусізацыю, як гэта было раней”.
(Спадар: ) “Чаму гэтага не засталося? Мне здаецца, яшчэ ёсьць на БТ беларуская мова, хаця, шчыра кажучы, я больш гляджу ОРТ. Беларуская мова абавязкова мусіць там быць”.
(Дзяўчына: ) “Я лічу, што гэта вельмі дрэнна, бо беларуская мова — наша родная, і кожны як можа размаўляе на ёй”.
(Яе сяброўка: ) “У кожнага народу павінна быць штосьці сваё”.
(Спадар: ) “Адмоўна, бо Беларускае тэлебачаньне павінна выказваць свае погляды па-беларуску, а не па-расейску. Гэта павінна быць так”.
(Іншы спадар: ) “Я практычна не гляджу БТ, у мяне сатэлітная антэна. Відаць, гэта дрэнна, хаця, на маю думку, ня важна, якая мова. Галоўнае, каб я яе разумеў і каб была цікавая праграма”.
(Спадарыня: ) “Вельмі дрэнна стаўлюся. Таму што мы беларусы і трэба любіць беларускую мову і ведаць гісторыю. У нас людзей з такімі поглядамі засталося вельмі мала. Русіфікацыя нейкая ідзе, і гэта вельмі дрэнна”.
(Пэнсіянэрка: ) “Я такама люблю сваю беларускую мову і ганаруся ёю”.
(Хлопец: ) “Гэта вельмі дрэнна, я лічу. І хаця цяпер у нас дзьве мовы афіцыйныя, я лічу, што кожны чалавек у нашай краіне павінен у першую чаргу ведаць сваю мову і размаўляць на ёй. Напрыклад, як людзі ва Ўкраіне. Я сёлета быў у Львове, і мне вельмі падабалася, што там людзі размаўляюць на сваёй мове. А я зь ім размаўляў на сваёй”.
(Спадар: ) “Гэта дрэнна. Беларуская мова павінна гучаць і па тэлебачаньні, і па радыё”.
(Спадарыня: ) “Што б ні рабілі на БТ, каб зрабіць гэтае телебачаньне лепшым, а мне здаецца, што ідзе поўнае перайманьне расейскіх тэлеканалаў. І праграмы, і рэкляма, і афармленьне заставак. Беларускія праграмы зьведзеныя да мінімуму”.
(Карэспандэнт: ) “А гэта добра ці дрэнна?”
(Спадарыня: ) “Гэта дрэнна — ну, не зусім добра. Калі гэта Беларускі нацыянальны канал, пераважная большасьць праграмаў павінна быць па-беларуску. Хаця бачыце, сама размаўляю па-расейску”.
(Дзяўчына: ) “На маю думку, гэта дрэнна, бо беларускі чалавек павінен добра ведаць беларускую мову і чуць яе з тэлеэкрану”.
(Хлопец: ) “Відаць, дрэнна, бо многія гавораць па-беларуску і ім лепей слухаць беларускую мову, чым расейскую”.
Нямала было сярод апытаных і тых, хто сказаў, што наогул не глядзіць БТ, таму ім усё роўна, што там адбываецца. І толькі адна дзяўчына лічыць нармальнай зьявай тое, што на БТ амаль не засталося беларускамоўных праграмаў:
(Дзяўчына: ) “Я думаю, што гэта нядрэнна. Калі людзі хочуць глядзець праграмы па-расейску, няхай глядзяць”.