У інстытуце вучыцца 475 студэнтаў на чатырох спэцыяльнасьцях. Як ні дзіўна, кіраўніцтва інстытуту пакуль ніякіх аб’яваў не зрабіла — ідуць заняткі, як звычайна. Але, зразумела, гэтак ня можа цягнуцца бясконца. Згодна з загадам міністра, інстытут павінен спыніць сваю дзейнасьць.
Дэмакратычнага настрою інтэлігенцыя вельмі занепакоеная гэткай тэндэнцыяй у галіне адукацыі. Міжнародны гуманітарны інстытут унікальны для Беларусі, толькі тут ёсьць катэдра юдаікі. Першыя выпускнікі інстытуту мусілі атрымаць і дыплёмы Ерусалімскага ўнівэрсытэту — цяпер, без усялякіх тлумачэньняў, інстытут зьліквідавалі. Выкладчыкі шукаюць выйсьця, таму й выносяць гэтае пытаньне на навуковую раду.
Мінулы раз на навуковай радзе абмяркоўвалі толькі становішча, у якое трапіў інстытут. Вырашылі стварыць камісію, якой даручаць перамовы з чыноўнікамі міністэрства — дарэчы, у гэтую камісію абралі зьнятага нядаўна з пасады міністра Пятра Брыгадзіна. Ён сам, 25 чэрвеня, у дзень пахаваньня Васіля Быкава, ліквідаваў гумантарны ліцэй імя Якуба Коласа.
На мінулым паседжаньні навуковай рады адзінагалосна прагаласавалі за тое, што трэба захаваць інстытут. Абмеркавалі некалькі варыянтаў у гэтай справе, але канчатковага рашэньня не прынялі. Сёньня, магчыма, прапануюць знайсьці кампраміс — захаваць інстытут як факультэт БДУ, але захаваць ягоныя катэдры і выкладчыцкі склад.