ЛІЦЭІСТЫ БУДУЦЬ ВУЧЫЦЦА ПРЫ ЛЮБЫХ УМОВАХ

Любоў Лунёва, Менск

Бацькі навучэнцаў першага курсу правялі сход разам з выкладчыкамі. Яны кажуць, што ўзровень выкладаньня іх цалкам задавальняе. Дзеці пачалі больш працаваць самастойна. Яны з задавальненьнем пасьля таго, як зробяць заданьні, рыхтуюць у бібліятэках рэфэраты. Нягледзячы на тое, што дзецям даводзіцца вучыцца ў экстрэмальных умовах і дагэтуль не хапае некаторых падручнікаў, бацькі не шкадуюць, што аддалі сваіх дзяцей у ліцэй.

Кіраўнік ліцэю Ўладзімер Колас лічыць, што калектыў хутка вырашыць гэтую праблему.

(Колас: ) “Актуальная праблема з падручнікамі, але шэраг навучальных установаў, шэраг прыватных асобаў штодня тэлефануюць і дапамагаюць вырашаць гэтую праблему. Таксама адгукнуліся міжнародныя арганізацыі з жаданьнем дапамагчы. У гэтай сытуацыі непавагі й парушэньня закону афіцыйнымі асобамі арганізацыя прыватнага ліцэю выглядае абсалютна беспэрспэктыўнай. Нам усё роўна будуць незаконна рабіць перашкоды, таму гэта будзе папросту марнаваньнем часу. І намаганьні будуць марныя да таго часу, пакуль улады першымі не пачнуць паважаць законы”.

Кіраўніцтва ліцэю ўжо цяпер робіць пэўныя захады, каб падчас вакацыяў дзеці, якія ўсё лета выходзілі на вулічныя акцыі, паўнавартасна адпачылі.