Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.
21 верасьня ў Беларусі традыцыйна адзначаецца сьвята Раства Божае Маці. Нашыя продкі мелі для гэтага дня некалькі назваў – Малая Прачыстая або Спожка. А ўвогуле гэта – адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў, якое ўзыходзіць да падзеяў далёкае гісторыі дваіх праведнікаў, мужа і жонка Якіма і Ганны, што пакутавалі безь дзяцей. У адказ на іхныя малітвы Бог паслаў ім дзяўчынку Марыю, якая некалі стане маці Хрыста. У сельскагаспадарчым календары ўчорашні дзень мае назву – Багач, што зьвязвалася з завяршэньнем уборкі ўраджаю. “Прыйшоў Багач – кідай рагач, бяры сявеньку, сей памаленьку”. Афіцыйна ў Беларусі 21 верасьня адзначаўся Дзень работнікаў лесу.
Учора споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Іосіфа Бельскага, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў мінулую вайну. Вуліца ягонага імя ёсьць у Менску, дзе ён і прыйшоў на сьвет у колішняй вёсцы, а цяпер – гарадзкім раёне Лошыцы.
Таксама ўчора споўнілася 85 гадоў з дня нараджэньня Фёдара Янкоўскага, беларускага мовазнаўцы і пісьменьніка. Асаблівая заслуга Янкоўскага дзеля захаваньня беларускае мовы за савецкім часам была ў выданьні дапаможнікаў у фанэтыцы. Дзякуючы ягоным кнігам, студэнты, пісьменьнікі, дыктары радыё і тэлебачаньня мелі магчымасьць навучыцца гаварыць па-беларуску прыгожа і без памылак.
А яшчэ ўчора споўнілася 80 гадоў беларускаму вучонаму-фізіку Мікалаю Барысевічу, які доўгі час быў прэзыдэнтам Акадэміі навук. Лічыцца, што менавіта за ягоным прэзыдэнцтвам беларуская навука дамаглася вялікіх посьпехаў і прызнаньня ў сьвеце.
І цяпер – да каляндарных падзеяў дня сёньняшняга.
Сёньня спаўняецца 60 гадоў з моманту забойства ў Менску генэральнага камісара Беларусі гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. У якасьці пакараньня за гэтую акцыю падпольшчыкаў нямецкія акупанты расстралялі тры тысячы жыхароў беларускай сталіцы.
Сёньня ж спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага пісьменьніка Хвядоса Шынклера. Шынклер прыйшоў на сьвет у Заслаўі пад Менскам. Пасьля навукі працаваў у беларускіх літаратурных выданьнях, уваходзіў у літаб’яднаньне “Маладняк” і пісаў празаічныя творы. У часе другой сусьветнай вайны загінуў на фронце пад Сталінградам.
Сярод знакамітых людзей, што нарадзіліся 22 верасьня ў розныя гады, згадаем трох літоўцаў, якія ўсе зьявіліся на сьвет менавіта ў гэты дзень. Гэта мастак і кампазытар Мікалоюс Чурлёніс, двойчы прэзыдэнт і цяперашні прэм’ер-міністар Літвы Альгірдас Бразаўскас і, нарэшце, самы знакаміты літоўскі опэрны сьпявак Віргіліюс Нарэйка.