БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ ДАГЭТУЛЬ НЕ ПАДЗЯЛІЛІ САВЕЦКАЙ СПАДЧЫНЫ

Юры Сьвірко, Менск

Хаця для расейскага прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава прэтэнзіі Беларусі на трубы “Транснафтапрадукту” сталі навіной, насамрэч гэты канфлікт разгарэўся яшчэ летась. У ліпені 2002 году Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі прызнаў незаконнай рэгістрацыю мазырскага прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”, якое эксплюатуе трубы матчынай кампаніі на беларускай тэрыторыі. Акрамя нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры, “Транснафтапрадукт” абслугоўвае аналягічнае прадпрыемства ў Наваполацку, транспартуючы па трубаправодах дызэльнае паліва, бэнзын і газу.

Тады ж у ліпені афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Аляксандар Якавенка заявіў, што рашэньне беларускага суду нічога па сутнасьці не вырашае. Расейскі дыплямат спаслаўся на Бішкецкае пагадненьне 1992 году аб асноўных прынцыпах падзелу маёмасьці СССР паміж яго рэспублікамі, і заявіў, што нафтапрадуктаправод “Самара-Захад” належыць Расеі.

Цікава, што Гомельскі абласны гаспадарчы суд за год да рашэньня Вышэйшага прызнаў беспадстаўнымі спробы беларускіх уладаў скасаваць рэгістрацыю “Захад-Транснафтапрадукту”. Расейскае МЗС паабяцала абараняць законныя інтарэсы расейскай кампаніі ў Беларусі, тым больш што з украінскім і казахстанскім участкамі “Транснафтапрадукту” праблемаў няма.

Прадстаўнікі прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”, якое знаходзіцца ў Мазыры на вуліцы Катлаўца, 29, кажуць, што дэ-юрэ іх няма, але дэ-факта яны працуюць, кантралюючы 1300 кілямэтраў трубаправоду.

А прэсавая сакратарка маскоўскага “Транснафтапрадукту” Ала Судзец на просьбу пракамэнтаваць кошт спрэчнага ўчастку ды цяперашні яго праўны статус адказала гэтак:

(Судзец: ) “Наконт ацэнкі нічога вам казаць ня буду, а што да ўсяго астатняга, дык Міністэрства дзяржаўнай маёмасьці Расеі яшчэ ў 1998 годзе ў належным парадку накіравала ў Менск пакет дакумэнтаў, неабходных для юрыдычнага замацаваньня права ўласнасьці на беларускі ўчастак трубаправоду.

Але нават празь пяць гадоў — 13 лютага сёлета — на супольным паседжаньні рабочых групаў з двух бакоў у Менску быў падпісаны пратакол, які зафіксаваў прынцыповыя разыходжаньні наконт тлумачэньня Бішкецкага пагадненьня пра падзел саюзнай уласнасьці. Паколькі мы лічым прадуктаправоды ўласнасьцю Расейскай Фэдэрацыі, а ня “Транснафтапрадукту”, пра статус гэтага ўчастку мне няёмка цяпер гаварыць”.

Спадарыня Судзец паведаміла таксама, што беларускі бок заяўляе цяпер, што ўжо ліквідаванае Міністэрства кіраваньня дзяржаўнай маёмасьцю і прыватызацыі Беларусі ў 1997 годзе ня мела права займацца пытаньнямі вызначэньня ўласьніка трубаправодаў, і дагэтуль Менск ня вызначыў, які дзяржаўны орган упаўнаважаны падпісваць ад імя Беларусі пратаколы пра ўзаемнае прызнаньне правоў на маёмасьць паводле Бішкецкага пагадненьня.

У лютаўскім пратаколе бакі пагадзіліся, што эфэктыўная і бясьпечная эксплюатацыя трубаправодаў адпавядае інтарэсам як Расеі, гэтак і Беларусі, і дамовіліся не рабіць захадаў, якія перашкаджаюць гэтай эксплюатацыі.

Паводле маскоўскага офісу “Транснафтапрадукту”, Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі пагражала забраць у кампаніі ліцэнзію на транспартаваньне нафтапрадуктаў празь беларускую тэрыторыю, але гэтага зроблена не было. Таму кампанія працуе па-ранейшаму, хаця й без рэгістрацыі свае мазырскае філіі.