З прычыны 12 тысячаў прыродных катастрофаў, зафіксаваных летась у Беларусі, толькі 108 мэтэаралягічнага паходжаньня. Усе астатнія прыходзяцца на пажары ў экасыстэмах, атручаньні і інфэкцыйныя захворваньні.
І калі найболей людзей сапраўды гінуць у часе пажараў (летась гэтая лічба склала 1270 чалавек), то асноўныя матэрыяльныя страты ёсьць вынікам ўсё ж прыродных катаклізмаў — паводкаў, граду, удараў маланкі, ураганных ветраў і г.д.
Толькі летась у выніку стыхіі было зьнішчана 4700 і пашкоджана 14 тысячаў збудаваньняў, пашкоджана 508 адзінак тэхнікі, зьнішчана 21 тысяча гектараў пасеваў, блізу 10 тысячаў тонаў кармоў, загінула 1800 гадоў жывёлы, 1600 — птушкі, павалена звыш за 600 га лесу.
Дадзеныя ўражваюць, але адмыслоўцы кажуць, што калі б Беларусі не наканавана было дыслякавацца ў адным з самых спакойных рэгіёнаў сьвету, страты гэтыя былі б у шмат разоў большыя. Пакуль што Рэспубліканскі гідрамэтэаралягічны цэнтар паведамляе пра магчымыя катаклізмы загадзя —упэўненая метэароляг Алена Камароўская.
(Камароўская: ) "Наагул, такія зьявы прагназуюцца. Апошнім часам у эўрапейскай частцы склалася наступная сытуацыя: ад пачатку 1970-х хуткасьць ветру зьменшылася, асабліва што тычыцца высокіх хуткасьцяў. У Беларусі ўраганы — вельмі лякальная зьява. І яе аб'ектыўна вельмі складана адсочваць, бо паласа сьмерчу можа ў лесе прайсьці, у полі. Калі хтосьці зь відавочцаў падасьць нейкія зьвесткі, тады зьява фіксуецца, а калі пагаварылі паміж сабой — дык ніхто і ня ведае. Натуральна, калі на шляху вёска патрапіць, ці, бывае і такое, мэтэастанцыя — тады падзея трапляе ў справаздачы. Ёсьць абрывы дротаў ці, напрыклад, страху на кароўніку зьнясе, але глябальных пашкоджаньняў як можна ўбачыць па тэлевізыі, у нас няма".
Паводле назіраньняў, самыя моцныя ветры ў Беларусі дзьмуць у першай дэкадзе сакавіка і на стыку чэрвеня-ліпеня, калі актывізуюцца дажджы з маланкамі. Тады ўсё, што трапляе ў вузкія палосы сьмерчаў, зьведае моц прыроднай стыхіі. Так, тры гады таму ў бары пад Івянцом быў пакладзены сасновы лес — шырыня лесапавалу не перавышала і сотні мэтраў, затое працягнулася на кілямэтры.
У сярэдзіне 1990-х два раёны Гарадзеншчыны — Ашмянскі і Смаргонскі, пацярпелі ад ураганнага ветру — тады бяз дахаў засталіся 350 населеных пунктаў. Найчасьцей моцныя парывы ветру турбуюць Берасцейскую вобласьць: тут ветры няхай і не параўнальныя з амэрыканскімі ўраганамі, затое нагадваюць пра сябе часьцей, чым у астатніх раёнах краіны.
Супрацоўнікі міністэрства ў надзвычайных сітуацыях першыя зьяўляюцца на месца праяваў прыроднай актыўнасьці. І сьцьвярджаюць — усё, як заўжды, пад кантролем. Гаворыць прадстаўнік міністэрства Алег Голубеў.
(Голубеў: ) "Цяпер у кожнай вобласьці, у кожным раёне ёсьць плян прыцягненьня сілаў і сродкаў: падчас пэўных аварый арганізацыя ведае, што ад яе запатрабуюць. Сыстэма адпрацаваная, і мы гатовыя да любых нечаканасьцяў. Калі казаць пра прыродныя катаклізмы, то ў Беларусі гэта паводкі, ураганныя ветры, маланкі, град, абледзяненьні і, бадай, усё.
Беларусь не знаходзіцца ў эпіцэнтры прыродных катаклізмаў. І калі ад моцных ветраў разбураюцца будынкі, то гэта звычайна 50-70-гадовыя збудаваньні, якія празь нейкі час рухнулі б самі па сабе. Хоць, натуральна, калі паглядзець статыстыку, пяць гадоў таму ў нас было 5 сур'ёзных прыродных сытуацый, то год таму ўжо было 35. Сьмерчы цяпер сталі часьцейшымі, вялікія паводкі бываюць недзе раз на пяць год... Зьвязана гэта, мяркую, з агульнымі зьменамі клімату на Зямлі".
(Карэспандэнт: ) "Скажыце, хто і як кампэнсуе маральныя, матэрыяльныя страты людзей, якія засталіся без жытла альбо згубілі сваіх родных?"
(Голубеў: ) "Гэта ўжо вызначаюць мясцовыя органы ўлады. Ёсьць адмысловыя камісіі ў надзвычайных сітуацыях, у якія ўваходзяць супрацоўнікі выканкамаў, нашыя спэцыялісты, іншыя адказныя асобы. Яны вызначаюць памер стратаў у кожным канкрэтным выпадку. Існуюць адмысловыя фонды, якія фармуюцца Саўмінам, і кожная вобласьць мае рэзэрвы дзеля ліквідацыі наступстваў".
У рэальнасьці ж энтузыязму мясцовых уладаў хапае хіба на тое, каб памяняць на даху шыфэр, ці, у найлепшым выпадку, выплаціць кампэнсацыю за страчанае быдла. Спробы усіх астатніх грашовых спагнаньняў скончваюцца бязвыніковымі хаджэньнямі “па інстанцыях”.