МІНЮСТ ЗАГАДАЎ ЛДП СЯДЗЕЦЬ ЦІХА

Ул. інф.

У адмысловай заяве мінюсту пералічваюцца прычыны гэтага – грубае парушэньне дэлегатамі 7-га зьезду партыі ўласнага статуту, паўторнае прадастаўленьне несапраўднай інфармацыі ў орган рэгістрацыі, выказаны недавер кіраўніку партыі.

Міністэрства прапанавала ЛДП на працягу трох месяцаў пацьвердзіць сваю колькасьць, а таксама ўстрымацца ад правядзеньня зьездаў, сходаў, мітынгаў і дэманстрацыяў, не ствараць аніякіх блёкаў і саюзаў з іншымі партыямі і наагул не распаўсюджваць зьвестькі пра сваю партыйную дзейнасьць.

У выпадку невыкананьня партыяй гэтых прапановаў – гаворыцца ў паведамленьні – міністэрства будзе дзейнічаць у адпаведнасьці з законам, які прадугледжвае ліквідацыю партыі паводле рашэньня Вярхоўнага Суду.

Падставай для такога рашэньня паводле закону можа быць паўтарэньне на працягу году дзеяньняў, за якія было вынесенае пісьмовае папярэджаньне.