БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ЗЬЛІКВІДАВАЛІ ЯШЧЭ АДНУ НАВУЧАЛЬНУЮ ЎСТАНОВУ

Любоў Лунёва, Менск

Рэктар інстытуту Зэлік Пінхасік толькі 17 верасьня даведаўся аб тым, што загадам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова інстытут ліквідавалі яшчэ 2 верасьня. У загадзе не ўказалі прычыны закрыцьця ўстановы.

Інстытут адкрылі ў 1999 годзе. У ім вучыліся 475 студэнтаў на чатырох спэцыяльнасьцях — перакладчыкі, маркетолягі, дызайнэры і культуролягі. Ім чыталі курсы па габрэйскай гісторыі, філязофіі, а таксама іўрыту. Інстытут цалкам фінансаваўся габрэйскімі фондамі. Нават будынак, у якім месьціцца інстытут, адрамантавалі ў 1997 годзе за грошы габрэйскай дыяспары.

У гэтым навучальным годзе мусілі выдаць першыя дыплёмы. Плянавалася, што выпускнікі інстытуту атрымаюць і дыплёмы Ерусалімскага ўнівэрсытэту.

Рэктар інстытуту Зэлік Пінхасік лічыць ліквідацыю інстытуту незаконнай, бо згодна з заканадаўствам дзейнасьць гуманітарнага інстытуту маглі спыніць толькі паводле рашэньня Вучонай Рады Белдзяржунівэрсытэту.

Ніхто ня ведаў пра загад міністэрства. Заняткі праходзілі ў звычайным рэжыме. У гэты момант рэктар БДУ Аляксандар Казулін, намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Жук і рэктар міжнароднага інстытуту праводзяць нараду.