Паводле ўсходнеэўрапейскага карэспандэнта выданьня Ульрыха Шміта, які нядаўна наведаў Беларусь і Расею, беларускі лідэр сапсаваў дачыненьні ня толькі з Захадам. Калі расейска-беларускае аб’яднаньне адбудзецца, то толькі адпаведна з крамлёўскім сцэнарам, — піша журналіст.
У Анатоля Гнебкі камандзірскі голас і тыповы вайсковы выгляд. Былы афіцэр Савецкай Арміі, былы сябра КПСС з 20-гадовым стажам, калісьці ён шчыра верыў у сьветлую камуністычную будучыню і змагаўся за яе. Сёньня Гнебка ўзначальвае віцебскую абласную філію сацыял-дэмакратаў і рашуча змагаецца супраць рэжыму Лукашэнкі. Імпазантны вайсковец абвінавачвае беларускага кіраўніка па шэрагу пазыцыяў. Гэта ціск на незалежныя мэдыі, перасьлед апазыцыі, зьнявага асноўных правоў і свабодаў беларускіх грамадзянаў.
Найбольш Гнебка абураны Лукашэнкавымі выступамі за сацыяльную абарону слабых і бедных. Паводле вайскоўца, гэта робіць чалавек, які адказны за цяперашняе жабрацтва Беларусі. Канечне, на гэтай хвалі беларускі кіраўнік атрымаў нямала прыхільнікаў, асабліва зь ліку тых, хто настальгічна ўспамінае былыя савецкія парадкі.
Што да Анатоля Гнебкі, то ён не сумняецца ў правільнасьці свайго новага ідэалягічнага выбару. “Нам патрэбны рынак, дэмакратыя, правававая дзяржава”, — гучна кажа ён у сваёй застаўленай кнігамі кватэры ў цэнтры Віцебску — гэтак гучна, што ў сэрванце пачынае дрыжэць посуд.
Канечне, у Савецкім Саюзе было ня толькі дрэннае. Тым ня менш, Гнебка супраць аб’яднаньня з Расеяй, аднак і супраць таго, каб ігнараваць Маскву. Толькі час пакажа, чаго можна чакаць ад Захаду, — лічыць ён. Тое, што былая савецкая рэспубліка так і ня вызначылася паводле шэрагу магістральных пазыцыяў, падаецца Гнебку дзіўным. Шмат гадоў Лукашэнка толькі і рабіў, што імкнуўся інкарпараваць сваю краіну ў склад Расеі. На карту аб’яднаньня беларускі лідэр паставіў усе здабыткі першых гадоў беларускай незалежнасьці: сувэрэнітэт, адраджэньне нацыянальнай культуры, патрыятызму.
Штопраўда, пасьля таго як Ельцына зьмяніў Пуцін і новы шэф Крамля дакладна акрэсьліў пазыцыі Расеі, дачыненьні паміж Менскам і Масквой сталі надзвычай складанымі. Назіральнікі не выключаюць стану гандлёвай вайны паміж краінамі і таго, што менавіта Лукашэнка, якога больш за ўсё хвалюе захаваньне асабістай улады, першым пахавае ідэю інтэграцыі.
Як піша “Neue Zuercher Zeitung”, цяперашняй Беларусі — беднай, апальнай, бязь ядзернага арсэналу, зь міласэрнымі ворагамі на Захадзе дый убогімі сябрамі на Ўсходзе — не пазайздросьціш. Апынуўшыся ў стане ізаляцыі, Менск не знаходзіць нічога іншага, як пасылаць праклёны. Прычым на адрас краінаў, якія нават ня маюць ніякіх амбіцыяў наконт Беларусі.
Калі Эўразьвяз пачынае рабіць нейкія заўвагі беларускаму рэжыму, той, напрыклад, абяцае спыніць кантроль на заходняй мяжы, і тады ў Эўропу змогуць трапіць дзясяткі тысяч уцекачоў зь Сярэдняй Азіі і Афганістану. Магчыма, у Брусэлі вераць гэтым пагрозам. Інакш як растлумачыць тое, што Беларусь зноў бярэ ўдзел у паседжаньнях Парлямэнцкай асамблеі? Пра канкрэтныя рэфармацыйныя палітычныя крокі размова так і не вядзецца, піша “Neue Zuercher Zeitung”.