“БЕЛТРАНСГАЗ” ПРАДАЮЦЬ ПА 4 ТЫСЯЧЫ РУБЛЁЎ ЗА АКЦЫЮ

Юры Сьвірко, Менск

Пасьля таго, як у Сочы Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка вырашылі з 1 студзеня наступнага году перайсьці на рынкавыя цэны расейскага газу, адразу пачаліся наступствы ў бюджэтных выдатках. Міністэрства фінансаў Беларусі “ў зьвязку з напружаным выкананьнем нацыянальнага бюджэту” плянуе скасаваць фінансаваньне беларускім бокам некалькіх сацыяльных праграмаў бюджэту саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі. Гэтая эканомія складзе 22 мільёны расейскіх рублёў.

Як перадае “Интерфакс”, беларускі Мінфін выступае таксама за скарачэньне колькасьці й структуры органаў саюзнай дзяржавы, прычым эканоміць Менск заклікае на камандзіроўках, транспарце й сувязі.

Атрымалася, што першым пацярпеў саюзны бюджэт-2004. Але ж і дзяржаўны бюджэт Беларусі трэба будзе пераглядаць, чым і займаўся ў сераду Савет Міністраў. Пра вынікі паседжаньня ўраду пакуль не паведамляецца, але стала вядома, што Беларусь ужо не спадзяецца цалкам кампэнсаваць выдаткі на куплю газу паводле новых, больш высокіх цэнаў праз падвышэньне тарыфаў на транзыт расейскага газу праз сваю тэрыторыю.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь бярэ з “Газпрому” 44 амэрыканскія цэнты за транспартаваньне тысячы кубамэтраў газу на адлегласьць 100 кілямэтраў, а ўкраінскі адпаведны тарыф — паўтара даляра. У Сочы спадар Лукашэнка даводзіў, што паводле сёлетніх цэнаў і тарыфаў Беларусь выйграла на закупках каля 110 мільёнаў даляраў, а “Газпром” на транзыце — 360 мільёнаў даляраў.

Аднак у сераду выканаўца абавязкаў міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпенец заявіў агенцтву БелТА, што “пры любым з мажлівых варыянтаў падвышэньня кошту расейскага газу Беларусь ня мае дастатковага аб’ёму транзыту, каб цалкам кампэнсаваць рост цэнаў”. Спадар Таўпенец дадаў, што паводле ўкраінскіх тарыфаў Беларусь будзе вымушаная дадаткова заплаціць 200 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, ён абвергнуў Аляксандра Лукашэнку і паведаміў, што Ўкраіна бярэ за транзыт 1 даляр і 9 цэнтаў, а не паўтара даляра.

Сам спадар Лукашэнка пасьля Сочы захоўвае маўчаньне. Ягоная прэсавая сакратарка Натальля Пяткевіч паведаміла:

(Пяткевіч: ) “Ён сустракаецца са службовымі асобамі, якія пастаянна — кіраўнік адміністрацыі, памочнікі прэзыдэнта й гэтак далей”.

Паводле спадарыні Пяткевіч, гэтыя сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чыноўнікамі абсалютна не зьвязаныя зь пераглядам праектаў бюджэту ды прэзыдэнцкіх указаў.

Тым часам зь “Белтрансгазу”, які цяпер знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, прыйшла неафіцыйная інфармацыя пра тое, што ўсім супрацоўнікам прапанавалі тэрмінова, да 30 верасьня, набыць акцыі гэтага прадпрыемства. Кошт адной акцыі з улікам ільготаў для сваіх складае 4 тысячы рублёў, і кожны, хто працуе ў “Белтрансгазе”, можа купіць максымум 332 акцыі. Цана акцыяў для іншых вызначаная на 5 тысяч рублёў. Але пасьля скандалаў з Расеяй супрацоўнікі купляць гэтыя акцыі не сьпяшаюцца, кажучы, што 30-гадовыя трубы гэтага не каштуюць, а за чый кошт іх будуць мяняць — невядома.