У МЕНСКУ ПАЧАЎСЯ ПЕРШЫ ПРАЦЭС НА ПАЗОЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦЫ ДА ГАРАДЗКІХ УЛАДАЎ НАКОНТ ШАПІКУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

З раніцы 16 верасьня ў Менскім гаспадарчым судзе было надзвычай шматлюдна. Адразу некалькі дзясяткаў гандляроў менскіх шапікаў прыйшлі ў суд, каб падтрымаць сваю калегу — Тацяну Зубок, чый пазоў да менскага гарвыканкаму сталіцы першым пачалі разглядаць у гаспадарчым судзе.

Усяго падобных пазоваў могуць зьявіцца дзясяткі. Днямі, прыкладам, адразу 24 уладальнікі шапікаў таксама падалі ў суд на Менгарвыканкам і раённыя ўлады, патрабуючы адмяніць рашэньне аб ліквідацыі іх шапікаў. Прадпрымальнікі лічаць, што гэта прывядзе іх бізнэс да банкруцтва. Пацерпяць таксама нанятыя працаўнікі ды іх сем’і. Прыкладам, для ўладальніцы двух кіёскаў Валянціны Іванаўны выкананьне распараджэньня гарвыканкаму будзе катастрофай.

(Спадарыня: ) “Нас прымушаюць дэмантаваць гэтыя кіёскі, а мы зь іх жылі. Мы з сынам інваліды, а ў яго дзеці. І як цяпер жыць на 110 тысяч пэнсіі інваліда? Бо калі за кватэру ды іншае заплаціш, то застанецца толькі 40 тысяч. Гэта нейкі зьдзек!”

Нагадаем, прадпрымальнікі спрабуюць аспрэчыць рашэньне сталічных уладаў пра тое, што да 1 кастрычніка трэба прыбраць з вуліцаў усе шапікі дробнага гандлю. Старыя шапікі прапануецца вывезьці зь Менску коштам іх уладальнікаў, а гэта запатрабуе блізу 400 даляраў на шапік. Наўзамен улады прапануюць будаваць сталыя гандлёвыя павільёны на рынках, што абыдзецца яшчэ на 20 тысяч даляраў. Шмат хто такіх грошай проста ня мае.

Сёньня на працэсе ў гаспадарчым судзе высьветлілася, што рашэньні Менгарвыканкаму, з прычыны якіх разгарэўся канфлікт, незаконныя зь юрыдычнага боку. Прадпрымальніца Тацяна Зубок азнаёміла суд з даведкай Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Намесьнік дырэктара гэтай дзяржаўнай установы спадар Латушкін паведамляе прадпрымальніцы, што рашэньні гарвыканкаму ў Нацыянальны рэестар прававых актаў не дасылаліся, бо яны не прайшлі экспэртызу Міністэрства юстыцыі. Таму яны “мусяць быць вернутыя органу, які іх прыняў, і не ўступаюць у сілу”, працытавала прадпрымальніца Тацяна Зубок ліст адказнага чыноўніка.

Відавочна, што гэты дакумэнт паўплываў на пляны судзьдзі Аляксандра Брагіна, і той прыпыніў працэс да 1 кастрычніка . Таксама судзьдзя вырашыў аб’яднаць разгляд пазову прадпрымальніцы Зубок з калектыўным аналягічным пазовам яшчэ 24 прадпрымальнікаў.

Паводле адвакаткі Веры Страмкоўскай, якая абараняе інтарэсы гандляроў у судзе, днямі ў гаспадарчы суд Менску з пазовамі на гарвыканкам і раённыя ўлады, якія ўжо ўзяліся выконваць незаконнае рашэньне пра зьнішчэньне шапікаў, маюць намер зьвярнуцца таксама гандляры Ленінскага, Савецкага і Першамайскага раёнаў Менску.