ЛІДЭРЫ МОЛАДЗЕВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ВЫСУНУЛІ ЛІДЭРАМ ПАЗЫЦЫЙНАЙ “ПЯЦЁРКІ” ШЭРАГ УМОВАЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэры БНФ, АГП, Партыі працы, БСДГ і Партыі камуністаў сустракаліся з кіраўнікамі Маладога Фронту, “Зубра”, “Маладой грамады”, “Асацыяцыі маладых палітыкаў”, ЛКСМБ, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” ды іншых арганізацыяў. Пра тое, дзеля чаго была арганізаваная гэтая сустрэча распавядае лідэр БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Нашай задачай было патлумачыць, што азначае той палітычны працэс, тая палітычная ініцыятыва скаардынаваньня пяці палітычных партыяў для беларускай палітычнай прасторы і для нашых канкрэтных мэтаў. Гэта — не дапусьціць трэцяга тэрміну Лукашэнкі й перамагчы ў выбарчай кампаніі наступнага году. І мы таксама хацелі ўласным прыкладам паказаць маладым лідэрам, што нягледзячы на глыбокія сьветапоглядныя разыходжаньні паміж палітычнымі партыямі, іхныя кіраўнікі знаходзяць магчымасьць і маюць волю зьбірацца разам і дамаўляцца — пра што магчыма дамовіцца”.

Моладзевыя лідэры цікавіліся прынцыпамі, ня якіх грунтуецца кааліцыя ды ці не зьбіраюцца дарослыя палітыкі адвесьці ім ролю своеасаблівай “абслугі” падчас важных палітычных кампаніяў. Асабліва гэта непакоіла прадстаўнікоў “Зубра” і Маладога Фронту. Вось што сказаў у інтэрвію Беларускай Свабодзе каардынатар руху “Зубр” Уладзімер Кобец:

(Кобец: ) “Моладзь ужо ўдзельнічала ў многіх кампаніях, і мы наўрад ці падтрымаем слабыя пляны. Мы хочам бачыць пераможны плян, адзіны дэмакратычны блёк. Такі блёк моладзь гатовая падтрымаць. Калі ж гэтага ня будзе, то “Зубр” можа ўдзельнічаць у выбарах самастойна”.

А вось пазыцыя лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца:

(Севярынец: ) “Нашая пазыцыя цьвёрдая. Мы чакаем крокаў насустрач ад партыяў. Моладзь павінна быць прызнаная палітычнай сілай, якой яна й ёсьць. З моладзьдзю павінна быць размова на роўных, а ня ў сэнсе “партыя загадала, камсамол адказаў — ёсьць”. І гэта ёсьць падставовы прынцып”.

Лідэры апазыцыйнай “пяцёркі” запэўнілі моладзь, што ніхто не зьбіраецца адводзіць ім ролю абслугі палітычных кампаніяў. Але старэйшыя апазыцыянэры ня надта хочуць надзяляць іх правам роўнага з партыямі голасу ў справе прыняцьця палітычных рашэньняў. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Кааліцыя мусіць быць двухузроўневай. Ёсьць палітычны ўзровень, і ёсьць грамадзка-палітычны ўзровень. На сёньня палітычны ўзровень — гэта палітычныя партыі. Гэта міжнародная практыка й палітычная воля пяці суб’ектаў. Разам з тым, мы зацікаўленыя, каб арганізаваныя моладзевыя структуры вельмі актыўна працавалі і ў кампаніі мабілізацыі, і ў інфармацыйнай кампаніі. Яны наўпрост могуць прапаноўваць кандыдатаў у адзіны сьпіс”.

Лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін выказаў спадзяваньне, што ўсе гэтыя супярэчнасьці будуць урэшце пераадоленыя, і моладзевыя арганізацыі будуць актыўна працаваць разам зь “пяцёркай”.