АПЫТАНЬНЕ ТЫДНЯ: КАМУ Ў БЕЛАРУСІ ЖЫВЕЦЦА НАЙЛЕПЕЙ?

Ганна Соусь, Менск

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце: каму ў Беларусі жывецца найлепей?”

(Спадар: ) “Найлепей жывецца тым, хто добра працуе”.

(Другі спадар: ) “Найлепей жывецца ўсім, хто працуе ў адміністрацыі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Яшчэ каму? Напэўна, невялічкай групе прадпрымальнікаў, якія працуюць на ўпраўленьне справамі прэзыдэнта. Пэўна ўсё”.

(Спадарыня: ) “Найлепей… Я думаю, пакуль што дзецям. Мабыць, нашым бізнэсоўцам пакуль што”.

(Другая спадарыня: ) “Каму нічога ня трэба ў жыцьці — таму ўсё добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Каму ў Беларусі жывецца найлепей?”

(Спадарыня: ) “Таму, хто мае грошы, таму і лепей”.

(Спадар: ) “Студэнтам добра жывецца ў Беларусі. Цяпер для студэнтаў робіцца ўсё, бібліятэка будуецца, стыпэндыю плацяць”.

(Спадарыня: ) “Прынамсі мне няблага”.

(Спадар: ) “Сілавікам. Магчыма, яшчэ тым, хто ва ўладзе, ім лепш жывецца”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, тым, хто мае сучасную пэрспэктыўную пасаду, заняты ў бізнэс-структурах. А тым, хто, як я, у сфэры культуры — ім жывецца не найлепей”.

(Спадар: ) “Багатым людзям жывецца найлепш. У каго грошы, таму добра, а хто ня мае, таму блага”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, каму ў Беларусі жывецца найлепей?”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, я на палітычныя тэмы не размаўляю і ня думаю”.

(Другая спадарыня: ) “Нават ня ведаю, каму. На маю думку, усім добра жывецца”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Камэрсантам”.

(Чацьвертая спадарыня: ) “Крутым, напэўна, — бо яны маюць грошы. А бяз грошай цяпер складана. Асабліва пэнсіянэрам”.

(Спадар: ) “Таму, хто ўмее круціцца і зарабляць грошы. Калісьці і я такі быў. А цяпер хаджу, швэндаюся па горадзе”.

(Другі спадар: ) “Складанае пытаньне. Любы чалавек можа жыць добра ў дадзены момант”.

(Трэці спадар: ) “Што ня нам — так дакладна. Лепш жывецца тым, хто ў Доме ўраду”.

(Спадарыня: ) “Моладзі, вядома. Яны больш-менш зарабляюць, а ў нас, старых, пэнсія толькі маленькая ды ўсё”.

(Другая спадарыня: ) “Найлепей жывецца тым людзям, якія здолелі распачаць свой бізнэс у той час, калі гэта было магчыма, і захаваць яго да цяперашняга часу”.

(Спадар: ) “Злодзеям”.

(Спадарыня: ) “Усім цяжка”.

(Спадар: ) “Каму найлепш? Канечне, Лукашэнку. Усё ў яго. Ён падняў сваю мафію, міліцыю, усё ў яго. Усё грабе сабе”.

(Спадарыня: ) “Ва ўсялякім разе, не працоўнаму народу”.

(Спадар: ) “Калі ў матэрыяльным пляне, то, відаць, чыноўнікам альбо прыватным прадпрымальнікам, якіх у нас нямнога. Але яны ўсё ж ёсьць”.

(Другі спадар: ) “Мне падаецца, што нікому не найлепш. Так, сярэдне — камусьці, а горш — яшчэ больш”.