BOSTON GLOBE: “ПЕРШЫМ У СЬПІСЕ ТЭМАЎ ПЕРАМОВАЎ ДЖОРДЖА БУША З УЛАДЗІМЕРАМ ПУЦІНЫМ МУСІЦЬ БЫЦЬ БЕЛАРУСКАЕ ПЫТАНЬНЕ”

Юры Дракахруст, Прага

Празь некалькі дзён у ЗША адбудзецца сустрэча амэрыканскага і расейскага прэзыдэнтаў. На думку аўтараў артукулу ў Boston Globe Прэзыдэнт Буш мусіць даць зразумець прэзыдэнту Пуціну, што Крэмль адказны за пагрозы бясьпецы, якія ўзьнікаюць паміж усходняй мяжою NATO і Расеяй.

Першай у сьпісе гэтых тэмаў мусіць стаць праблема Беларусі, краіны, якая хутка будзе межаваць з трыма дзяржавамі-сябрамі NATO. Boston Globe піша, што нягледзячы на дэклярацыі Пуціна наконт дэмакратызацыі адносінаў з краінамі былога савецкага блёку, Беларусь застаецца дыктатурай і небясьпечным саюзьнікаім краінаў-ізгояў ва ўсім сьвеце.

Паводле аўтараў артыкулу Менск ня толькі аказваў сакрэтную ваенную дапамогу Іраку Садама Хусэйна напярэдадні вайны, але і працягвае прадаваць сучасную зброю шасьці зь сямі краінаў, якія фігуруюць у сьпісе дзярждэпартамэнту ЗША, як міжнародныя спонсары тэрарызму. Прынымсі, размова ідзе пра паўночную Карэю, Сырыю і Іран.

Апрача таго, што Беларусь – адна з найбольш ізаляваных і небясьпечных краінаў сьвету, яна яшчэ і адна з найбольш мілітарызаваных – гаворыцца ў артыкуле ў Boston Globe.

Паводле выданьня Беларусьсю кіруе ваяўнічы і аўтарытарны дыктатар Аляксандар Лукашэнка, які супрацьстаіць інтэграцыі Цэнтральнай Эўропы з трансатлянтычнай супольнасьцю. Менавіта таму, мяркуюць аўтары публікацыі, адміністрацыя ЗША мусіць весьці дыялёг з Расеяй па праблеме Беларусі на самым высокім ўзроўні.

У публікацыі ў Boston Globe адзначаюцца яшчэ дзьве пункты, якія патэнцыйна могуць ствараць пагрозы бясьпецы ў Эўропе – гэта Калінінградзкая вобласьць і Прыднястроўскі рэгіён Малдовы, дзе застаюцца расейскія войскі, але беларускую праблему аўтары Boston Globe лічаць найбольш сур’ёзнай.