КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

16 верасьня беларускі адрыўны каляндар “Родны край” прапануе адзначыць Дзень міру, праўда, што гэта за сьвята, не ўдакладняецца. Няма такога ані ў афіцыйным пераліку сьвяточных дзён Рэспублікі Беларусь на сёлетні год, ані ў міжнародных календарах, дзе Сусьветны дзень міру прыпадае на 1 студзеня і 1 верасьня. Што да сёньняшняга дня, дык на 16 верасьня прызначаны Міжнародны Дзень дзеяньняў у абарону азонавае сфэры.

***

Сёньня спаўняецца чатыры гады з таго моманту, калі па дарозе дамоў бясьсьледна зьніклі віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. Што зь імі здарылася – невядома дагэтуль.

***

Цяпер – пра знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 16 верасьня ў розныя гады.

У 1745 годзе нарадзіўся расейскі вайскаводзец Міхаіл Галянішчаў-Кутузаў, найбольш вядомы сваімі перамогамі ў напалеонаўскай вайне 1812 году. Але “засьвяціўся“ Кутузаў і ў нашых краях. У канцы 18 стагодзьдзя ён быў засланы ў Вялікае Княства Літоўскае, каб ствараць партызанскія атрады з мэтай аслабіць мясцовы супраціў перад далучэньнем Беларусі да Расеі. Пасьля гэтага нейкі час Кутузаў быў ваенным губэрнатарам літоўскім і віленскім на акупаваных землях Вялікага Княства.

***

У 1906 годзе ў Буда-Кашалёве нарадзіўся Валянцін Дрозд, таксама вайскаводзец, толькі ўжо савецкі. На радзіме яму пастаўлены помнік, таму скажам колькі словаў пра Валянціна Дразда. Ён ваяваў на моры і быў віцэ-адміралам. Змагаўся ў Гішпаніі і Фінляндыі, браў удзел у абароне блакаднага Ленінграда, дзе і загінуў на лядовай трасе пад Крандшатам у 1943-м.

***

У 1937 годзе нарадзіўся знакаміты беларускі дужбіт Аляксандар Мядзьведзь. Мядзьведзь тройчы быў алімпійскім чэмпіёнам і сем разоў – чэмпіёнам сьвету. А прыйшоў на сьвет ён ва Ўкраіне, у горадзе Белая Царква. Праўда, у сучасных расейскіх календарах Мядзьведзя называюць не беларускім, а «русским борцом». Ці гэта вынік інтэграцыйных працэсаў, ці воля самога спартоўца – невядома.

***

Сёньня спаўняецца 65 гадоў зь дня гібелі савецкага лётчыка Сяргея Грыцаўца, які быў родам зь вёскі Бароўцы пад Баранавічамі і стаў першым двойчы героем Савецкага Саюзу. А загінуў Грыцавец яшчэ да другой сусьветнай вайны, як сказана ў энцыкляпэдыі, “пры выкананьні службовых абавязкаў”. Дэталі не ўдакладняюцца.

***

Таксама сёньня сьвяткуе свае 65-я ўгодкі беларускі кінарэжысэр Віктар Дашук, які яшчэ ў савецкія часы стаў клясыкам беларускай кінадакумэнталістыкі. А яшчэ сёньня адзначае дзень нараджэньня вядомы беларускі паэт Сяргей Законьнікаў.